Пададзеная заяўка на правядзенне акцыі салідарнасці з незалежнымі СМІ і прафсаюзамі



27 жніўня ў Менгарвыканкам пададзеная заяўка на правядзенне 15 верасня акцыі салідарнасці з незалежнымі сродкамі масавай інфармацыі і прафсаюзамі.

Заяўку падпісалі старшыні руху „За Свабоду” Юрась Губарэвіч і Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў, а таксама сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі.

Як паведаміў БелаПАН Губарэвіч, заяўнікі просяць менскія ўлады дазволіць дэманстрацыю ад кінатэатра „Кастрычнік” і мітынг каля опернага тэатра.

„Мэта акцыі — публічная дэманстрацыя салідарнасці з незалежнымі СМІ і прафсаюзамі, у абарону свабоды і законнасці ў Беларусі”, — паведаміў палітык.

Нагадаем, сем апазіцыйных палітычных партый і арганізацый 24 жніўня прынялі заяву „Аб нацыянальнай салідарнасці ў абарону свабоды і законнасці ў Беларусі”, у якой патрабуюць ад уладаў спыніць палітыку рэпрэсіяў і націску на СМІ і прафсаюзы.

Заяву падпісалі кіраўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай партыі „Зялёныя”, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Партыі БНФ, руху „За Свабоду” і прафсаюза РЭП.

У дакуменце гаворыцца, што беларускія ўлады „мэтанакіравана і няспынна знішчаюць палітычную апазіцыю і грамадзянскую супольнасць”. „Пасля знішчэння незалежнай сацыялогіі дзяржава спрабуе запалохаць, разбурыць і ўзяць пад свой кантроль незалежныя медыя, расправіцца з незалежнымі прафсаюзамі, не даць магчымасці з’явіцца новым лідарам”, — лічаць аўтары заявы.

belapan.by

Фота minsktourism.by