Усталяваныя стэлы ў памяць паўстанцаў 1863 года



Прадстаўнікі грамадскай супольнасці, сябры палітычных партый і арганізацый з розных куткоў Гарадзеншчыны, згуртаваўшыся разам, усталёўваюць памятныя стэлы на месцы пахаванняў змагароў за Беларусь. Такая ініцыятыва паўстала некалькі месяцаў таму. Зараз выкананыя некалькі памятных драўляных стэлаў.

Плануецца, што яны будуць усталяваныя ў тых месцах, якія ні якім чынам не ўшанаваныя, альбо ўшанаваныя дыяспарамі суседніх краін. Тлумачыць каардынатар гэтай ініцыятывы – Вадзім Саранчукоў:

– Атрымліваецца, што мы зараз сабой падмяняем функцыю дзяржавы. Ёсць гістарычныя месцы, звязаныя з паўстаннямі. Нашая беларуская дзяржава, на жаль, увогуле ніякім чынам не адзначае ні падзеі, звязаныя з тымі часамі, ні ўшаноўвае памяць тых людзей, якія змагаліся за незалежнасць, за волю нашага краю. Таму мы вырашылі ў гэтым годзе сабрацца, падрыхтавалі матэрыялы, падрыхтавалі вось гэтыя паўстанцкія калоны, падрыхтавалі памятныя шыльды, не прывязваючыся да нейкіх арганізацый. Ад імя нашай дзяржавы ўшаноўшваем памяць змагароў за яе волю, за яе незалежнасць.

Такім чынам ужо ўсталяваныя памятныя стэлы ў Мастоўскім раёне – ля вёскі Пацавічы, дзе пахаваныя 12 паўстанцаў, і ля вёскі Мінявічы, дзе ляжаць 40 паўстанцаў 1863 года. Мэта акцыі – аддаць даніну павагі менавіта ад беларускага народа. І праца ў гэтым кірунку будзе працягвацца.

[Not a valid template]

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя