Ніякіх высноў



Пяцьдзесят год таму, 21-га жніўня 1968-га году пачалася аперацыя “Дунай”, якая паклала на той момант канец Пражскай вясне і надзеям народаў ЧССР і яе кіраўніку, Генеральнаму сакратару КПЧ Аляксандру Дубчаку пабудаваць “сацыялізм з чалавечым абліччам”. Гэтай фразай, “сацыялізм з чалавечым абліччам”, пазней, праз нейкіх два дзясяткі гадоў узброіцца яшчэ адзін Генеральны сакратар Міхаіл Гарбачоў. Толькі ён ўжо будзе прадстаўляць кампартыю іншай краіны, той, якая і стала галоўным душыцелем гэтай фразы ў 1968-ым у Чэхаславакіі. Зрэшты, і яму не ўдасца адшукаць у сацыялізме таго чалавечага аблічча. Сацыялізм аказаўся няздольным да рэфармавання, а якое ў яго сапраўднае аблічча засталося загадкай. Бо тое мноства прапагандысцкіх вобразаў і іпастасяў, якія ён прымаў, аказаліся фальшывымі.

А ў 1968-ым годзе савецкая прапаганда назвала гэтую аперацыю брацкай дапамогай сацыялістычных краін і дамаглася, каб войскі большасці краін Варшаўскай дамовы перасеклі мяжу ЧССР. На Захадзе аперацыю “Дунай” назвалі ўварваннем у Чэхаславакію.

За гэтыя 50 год палітычная мапа змянілася да непазнавальнасці. Няма больш Варшаўскага дагавору. Няма больш і Савецкага Саюзу, і Чэхаславакіі няма. Паўстае лагічнае пытанне, ну і чаго дамагліся гэтым узброеным уварваннем? Нічога ж з таго, да чаго тады прымусілі сілай, не засталося!

А што ёсць? Ёсць Чэхія, ёсць Славакія, ёсць каля дзвюх сотняў ахвяр гэтай аперацыі, якія не змаглі ўжо ўбачыць, што ідэі Пражскай вясны ўсё ж некалі перамогуць. Засталіся каля паўтысячы раненых і на два дзесяткі гадоў жалезная заслона для чэхаў, славакаў, і таксама для тых, хто не даў ім адшукаць у той час свабоду.

Два дзесяткі гадоў народы Чэхаславакіі вымушаныя былі жыць у турме. Гэта я зразумеў адразу, як па загадзе Міністра абароны СССР быў прызваны ў савецкае войска ў 1981-ым годзе і накіраваны ў Чэхаславакію. Там савецкія зампаліты і камандзіры мне намалявалі крыху адваротную карціну, чым малявалі дзесяць год у савецкай школе настаўнікі. Аказалася, нас усе ненавідзяць. Так мне і сказалі, як бралі распіску пра неразгалошванне гэтых сакрэтных звестак тэрмінам ажно на 10 год пасля службы.

Жаўнеры братняга войска ЧССР пры першай жа сустрэчы з намі для сумесных вучэнняў супраць агульнага ворага, прама і адкрыта пацвердзілі праўдзівасць слоў нашых камандзіраў пра сваю нянавісць да нас. Яны не хаваючыся заяўлялі, што вучацца зараз з намі ваяваць супраць нас. І калі ім ніхто не дапаможа, то яны некалі зробяць гэта самыя.

Я стараўся зразумець, у чым розніца нашага стаўлення да гэтай агароджанай жалезнай заслонай велізарнай тэрыторыі, і іхнага. Яны стараліся нам растлумачыць. Аказалася яны не ненавідзяць людзей з СССР, а толькі сам СССР. (Так раскрылася першае кламства савецкіх зампалітаў). І яшчэ яны вераць, што і ўсе савецкія людзі гэтак жа яго ўзненавідзяць, той СССР, як сістэму задушэння чалавечых свабодаў. Але вось розніцу на той момант у іх стаўленні да савецкай несправядлівасці і нашага, зразумець было цяжка.

Пазней да мяне дайшло, што мы як грамадзяне гэтай краіны спадзяваліся, што яна і яе кіраўніцтва само рэфармуецца і стане больш справядлівым. А ў іх такіх надзей ужо не было пасля 1968-га. Яны ўспрымалі сваё жыццё як у турме, і адзіным шляхам да свабоды бачылі толькі ўцёкі. Уцёкі персанальныя, або цэлым народам.

Няма больш жалезнай заслоны. Нішто не вечна. Па апошніх апытаннях сацыёлагаў большасць маладых расейцаў увогуле не ведаюць пра тыя падзеі. Ды і сярод маладых чэхаў і славакаў, хай сабе не такі жудасны адсотак, але таксама такія знайшліся. А ўсяго то 50 год прайшло. Яшчэ жывуць блізкія і сваякі тых забітых з абодвух бакоў. А новыя забойствы у новых узброеных канфліктах, ужо на тэрыторыі былога СССР, сталі яшчэ больш шматколькаснымі і жудаснымі. А ў імя чаго?

1968-мы год гаворыць, што няма сэнсу ні ў чалавечых ахвярах, ні ў прымусе аднаго народа над другім. Усё ўсядно стане на колы свае. Усе ахвяры марныя! Толькі вось усё паўтараецца. Ніякіх высноў.

Віктар Сазонаў

Беларускае Радыё РАЦЫЯ