Вольга Мікалайчык: у камеры з’явілася „луна”
На турэмнай мове „Луна” – гэта начная лямпачка ў камеры ЦІП – у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.
Вольга Мікалайчык гаворыць: „Раней амаль ва ўсіх камерах ў твар глядзела 6-8 лямпачак дзённага святла, якія не выключалі ні ўдзень, ні ўночы. На ноч даводзілася абматываць твар рушніком. Падчас мінулага арышту я змяніла 4 камеры, і ва ўсіх не было „луны”. І калі ляжыш на верхняй „шконцы”, то ў вочы табе ззяе сонца, як на хірургічным стале зыркія лямпы. Але цяпер не было халоднай вады, адзін дзень я галадала. Гарачай вадой змываўся і „талчок” – савецкі турэмны туалет. Пры гэтым яны пафарбавалі дзверы, сцены і вокны – зрабілі рамонт, каб карцінка была прыгожай”.
Вольга Мікалайчык, рэжысёрка і грамадская актывістка, была затрыманая 24 жніўня падчас пратэсту каля Дома Правасуддзя, дзе выносілася судовае рашэнне па справе прафсаюза РЭП.
Паліна Сцепаненка, Беларускае Радыё Рацыя