Віталь Рымашэўскі заклікаў Лукашэнку спыніць ціск на незалежныя СМІ
„Справы БелТА” і прафсаюза РЭП выклікалі пратэст апазіцыі. У прыватнасці сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Віталь Рымашэўскі заклікаў Аляксандра Лукашэнку спыніць рэпрэсіі і спадзяецца хуткай рэакцы з боку Захада.
– Міжнародныя стасункі за апошні год і так не самыя лепшыя ў Рэспубліцы Беларусь. І імідж нашай краіны ўвесь час горшы. На фоне таго, што Пуцін цісне на Аляксандра Лукашэнку, сёння праводзіць рэпрэсіі на незалежныя прафсаюзы, рабіць прысуды, узбуджаць крымінальныя справы супраць незалежных СМІ – гэта проста секчы той сук, на якім сядзіць сёння ў тым ліку і сам Лукашэнка. Таму што, па сутнасці, рана ці позна Еўрапейскі Звяз будзе рэагаваць.
У падтрымку журналістаў выказаўся кіраўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч. Праўда, апазіцыю, якая выпрацавала план у падтрымку журналістаў, ён асудзіў. «Яны ж з радасцю панясуцца цяпер па замежжах, просячы санкцый і грошай», – напісаў ён з гэтай нагоды у сваім Фэйсбуку.
– Я б хацеў адказаць і Гайдукевічу, і іншым прадстаўнікам рэжыма Аляксандра Лукашэнкі, мы будзем надалей праводзіць акцыі салідарнасці з журналістамі. І гэта не толькі 15 верасня. Нагадаю, што мы плануем мітынг у цэнтры Менска, марш салідарнасці ад Акадэміі навук да Плошчы Парыжскай камуны. Будзем ініцыяваць правядзенне і замову мітынгаў і пікетаў у рэгіёнах, любыя іншыя акцыі салідарнасці з журналістамі.
Апазіцыя таксама падрыхтавала сумесны план дзеянняў у падтрымку журналістаў незалежных СМІ і прафсаюза РЭП «Аб нацыянальнай салідарнасці ў абарону свабоды і законнасці ў Беларусі», які ўключае ў сябе акцыі і мітынгі. Апазіцыянеры прынялі адмысловую заяву на гэты конт і заклікалі грамадзянскую супольнасць да салідарнасці. «Улады павінны ведаць, што беларусы гатовыя бараніць адзін аднаго ад беспадстаўных нападак сілавых структур», – мяркуе Рымашэўскі.
Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:
Гутарыў Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя