Румас: Урад Беларусі ўдакладніў асноўныя прагнозныя параметры на 2019 год



Урад Беларусі ўдакладніў асноўныя прагнозныя параметры на 2019 год, паведаміў прэм’ер-міністр Сяргей Румас 28 жніўня на пасяджэнні Савета міністраў. Разгледжаныя праекты прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі і бюджэту на 2019 год, а таксама праект новай рэдакцыі Падатковага кодэкса.

Як паведамляе прэс-служба ўрада, Румас адзначыў, што гэтае пасяджэнне ўрада — заключны элемент першага этапу фармавання пакета прагнозных дакументаў перад накіраваннем іх на разгляд кіраўніку дзяржавы. Паводле яго слоў, у адпаведнасці з Бюджэтным кодэксам гэта неабходна зрабіць да 1 верасня.

Прэм’ер-міністр звярнуў увагу, што ў прапанаваным для разгляду пакеце дакументаў улічаныя змены, якія адбыліся „на знешнім контуры”: скарэктаваныя ацэнкі па цане нафты, росту эканомікі і абменных курсах валют у краінах — асноўных знешнегандлёвых партнёрах.

„Гэта запатрабавала некаторага ўдакладнення асноўных прагнозных параметраў па ўсіх дакументах. Прынцыповым пытаннем застаецца забеспячэнне выканання параметраў пяцігадовай праграмы. Прашу міністра эканомікі праінфармаваць, як мы ўпісваемся ў задачы пяцігодкі і дзе ў нас праглядаюцца „вузкія” месцы”, — падкрэсліў Румас.

Як раней паведаміў БелаПАН, міністр эканомікі Дзмітрый Крутой 26 жніўня ў эфіры тэлеканала СТВ заявіў, што пры распрацоўцы прагнозаў сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2019 год „цалкам улічаныя негатыўныя наступствы ўвядзення Расейскай Федэрацыяй з 1 студзеня 2019 года другога этапу падатковага манеўру”.

Паводле яго слоў, „за апошнія літаральна паўмесяца адбыліся істотныя змены знешніх параметраў”. У сувязі з гэтым была зробленая новая ацэнка кошту бараля нафты ў 2019 годзе. „У нас яна была закладзеная ў мэтавым сцэнарыі на ўзроўні 70 долараў за бараль, зараз мы ўзялі для разлікаў 65 долараў за бараль”, — сказаў Крутой.

Міністр паведаміў, што ў беларускага боку ёсць дамоўленасць з расійскімі калегамі да канца года адпрацаваць кампенсацыйныя механізмы для нашай эканомікі. „Але пакуль для карэктнасці разлікаў мы ўзялі лічбы па самым, скажам так, негатыўным варыянце”, — адзначыў ён.

Крутой сказаў, што карэкціроўкі прагнозных паказчыкаў знізілі прагноз ВУП згодна з мэтавым сцэнарыем да 104%, згодна з базавым сцэнарыем — да ўзроўню 102,1%.

Міністр таксама паведаміў, што рэальныя грашовыя даходы у 2019 годзе павялічацца на 3,4%. „Яны цалкам ўвязаныя з ростам прадукцыйнасці працы. Сярэдняя заработная плата ў цэлым па эканоміцы ў сярэднім за год прагназуецца на ўзроўні 1.025 рублёў”, — дапоўніў ён.

Раней Мінфін Беларусі паведаміў, што у 2019 годзе страты беларускага бюджэту з-за падатковага манеўру Расеі ў нафтавай галіне складуць 300 млн долараў, а пасля яго завяршэння ў 2024 годзе выпадзенне штогадовых прыбыткаў беларускага бюджэту можа дасягнуць 2 млрд долараў. Згодна са звесткамі Мінфіна, Беларусь пачала перамовы з Расеяй і будзе дамагацца кампенсацыі стратаў беларускага бюджэту з-за падатковага манеўру ў нафтавай галіне.

belapan.by