Бізнесмен Ізраілевіч хоча спагнаць з „Новага Часу” 40 тысяч рублёў
Бізнесовец Ізраілевіч вырашыў не ісці на міравую. У Менску пачаўся суд па іску прадпрымальніка Аркадзя Ізраілевіча да газеты “Новы час”. Падставай да судовай справы сталіся публікацыі, прысвечаныя рэстарану “Поедем поедим” у Курапатах, у якіх, на думку Ізраілевіча, была нанесеная шкода ягонай дзелавой рэпутацыі. Кіраўніцтва рэдакцыі газеты спрабавала залагодзіць канфлікт у дасудовым парадку, але Ізраілевіч адмовіўся. Кажа галоўны рэдактар газеты “Новы час” Аксана Колб:
– Тыя аргументы з боку ісца, якія прагучалі ў судзе, фактычна галоўныя з іх зводзяцца да нейкіх раздруковак з сацсетак, наогул невядома адкуль, бо пакуль што ісцец так і не сказаў, калі гэта было зроблена і дзе, дзе ёсць абразы на адрас спадара Ізраілевіча. І менавіта гэта, маўляў, стала падставай для таго, каб ён звярнуўся ў суд.
Газета-штотыднёвік «Новы час» з’яўляецца адным з нямногіх агульнарэспубліканскіх выданняў, якое выходзіць цалкам на беларускай мове. З пачаткам варты ў Курапатах і скандалу вакол адкрыцця непадалёк рэстарана “Поедем поедим” на старонках газеты рэгулярна з’яўляліся артыкулы датычна гэтай тэмы, у якіх фігураваў і безнесовец Ізраілевіч. Цяпер бізнесовец хоча спагнаць з газеты “Новы час” 40 тысяч рублёў, што складае парадку 20 тысяч даляраў ЗША. Наступнае пасяджэнне суда па іску Аркадзя Ізраілевіча да газеты «Новы час» адбудзецца 10-га верасня ў 14:30 у судзе Савецкага раёна Менска.
* * *
У Менску пачаўся суд па зыску прадпрымальніка Аркадзя Ізраілевіча да журналіста газеты «Новы час» Дзяніса Івашына. Сам бізнесовец, адзін з саўладальнікаў рэстарацыі «Поедем поедим» у Курапатах, лічыць, што ў сваіх расследаваннях Івашын абразіў яго гонар і годнасць, а таксама нанёс шкоду дзелавой рэпутацыі. На сам суд Ізраілевіч не з’явіўся.
Журналіст Дзяніс Івашын і яго адвакат Алег Агееў пасля таго, як праслухалі прэтэнзіі Ізраілевіча, чые інтарэсы прадстаўляла адвакатка Алена Калазаева, яшчэ больш заблыталіся, што ж прадпрымальнік палічыў за абразу гонару і годнасці. Акрамя таго, бок абвінавачвання прадаставіў у суд дакументы з памылкамі, у тым ліку няслушны пераклад расследавання ў «Новым часе» на расейскую мову. Кажа Дзяніс Івашын:
– Я зразумеў паводле таго зыску, які ён зрабіў, паводле тых грубейшых памылак у зыску, што цалкам мажліва ён спрабуе маніпуляваць. Чамусьці падаў у зыску пераклад з беларускай мовы, якой напісаны мае расследаванні, абсалютна няслушны пераклад на расейскую мову. Слова “меркавана” падаюць як “непосредственно”. То бок, гэта цалкам скажае ўвесь сэнс. Таксама доказавая частка. Што да ягоных абразаў, ён проста зрабіў такі мікс з каментаў у “Нашай Ніве”, якія абсалютна не маюць ніякіх дачыненняў да маіх расследаванняў.
Наступнае пасяджэнне суда па зыску Аркадзя Ізраілевіча да газеты «Новы час» адбудзецца 10-га верасня ў 14-30 у судзе Савецкага раёна Менска.
Цалкам матэрыял можна праслухаць у далучаным файле:
* * *
У судзе Савецкага раёна Менска прайшло папярэдняе пасяджэнне па позве бізнесоўца Аркадзя Ізраілевіча да газеты „Новы Час” у сувязі з асвятленнем сітуацыі ў Курапатах.
На працэс прыйшло каля 30 чалавек, у тым ліку апазіцыйныя палітыкі і актывісты, гісторык Ігар Кузняцоў, сваякі ахвяраў палітычных рэпрэсій, шматлікія журналісты газеты на чале з яе галоўным рэдактарам Аксанай Колб.
У суд таксама прыйшоў Дзяніс Івашын – аўтар матэрыялаў, якія выклікалі прэтэнзіі Ізраілевіча. Сам пазоўнік у суд не з’явіўся.
– Ён абвінавачвае нас у тым, што мы абразілі яго гонар і годнасць, нанеслі шкоду яго дзелавой рэпутацыі. Гэта вынікае нібыта з тэкстаў маіх расследаванняў, датычных уласнікаў «Бульбаш-Холу». Ізраілевіч спрабуе ўвесь час звінаваціць у тым, што мы, маўляў, прыпісваем яму тое, што ён нібы з’яўляецца ўласнікам «Бульбаш-Холу», што абсалютна не адпавядае рэчаіснасці. У расследаванні была толькі інфармацыя, што ён юрыдычна звязаны з уласнікамі. І толькі гэта.
Дзяніс Івашын выказвае здзіўленне тым, што Аркадзь Ізраілевіч падаў пазоў толькі праз месяц: «Нібы па камандзе вырашыў пачаць супраць нас гэты працэс». Дзяніс Івашын звязвае гэты працэс з працягам рэпрэсій супраць беларускіх журналістаў. Цалкам магчыма, што гэта не яго асабістая задумка, дадае журналіст.
Беларускае Радыё Рацыя
* * *
У Савецкім судзе Менска прайшлі папярэднія слуханні па іску бізнесмена Аркадзя Ізраілевіча да рэдакцыі газеты “Новы Час”. Сам бізнесовец на пасяджэнне не прыйшоў, яго інтарэсы прадстаўляе адвакат Алена Калазаева.
“Новы Час” у судзе прадстаўляе галоўны рэдактар выдання Аксана Колб і аўтар апальнага расследавання Дзяніс Івашын.
Галоўны рэдактар "Новага Часу" Аксана Колб. Фота: ПЦ "Вясна"
Дзяніс Івашын каля суда Савецкага раёна Менска. Фота: ПЦ "Вясна"
Таксама інтарэсы Івашына абараняе юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў.
У выніку разгляду асноўнае пасяджэнне суда па справе было прызначана на 10 верасня. Таксама суд абавязаў з’явіцца на асноўнае пасяджэнне самога заяўніка Аркадзя Ізраілевіча.
У зале суда. Фота: Алена Ждановіч
Па меркаванні Ізраілевіча, рэдакцыя газеты «Новы Час» апублікавала шэраг артыкулаў, якія парушаюць яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю.
Сума іску 40 тысяч рублёў (або каля 20 тысяч долараў). Задавальненне гэтых іскавых патрабаванняў з вялікай верагоднасцю можа збанкрутаваць рэдакцыю.
Яшчэ тысячу рублёў ён хоча атрымаць ад Дзяніса Івашына.
Як кажа Ізраілевіч, са зместу артыкулаў яўна вынікае, што менавіта ён і належнае яму ТАА «ІВ» з’яўляюцца канцавым бенефіцыярам будаўніцтва рэстарана ў Курапатах. Ізраілевіч адзначае, што будаўніцтва рэстарана «Поедем поедим» выклікае «супярэчлівыя» водгукі сярод грамадства. «У шэрагу асобаў пасля прачытання артыкулаў склалася ўстойлівае негатыўнае стаўленне да мяне як да бізнесмена, здольнага забудоўваць месцы гістарычнай памяці дзела атрымання камерцыйнай выгады», — піша Ізраілевіч.
Нагадаем, што ў снежні 2007 года Першамайскі суд сталіцы пастанавіў спагнаць з выдання „Новы Час” кампенсацыю ў памеры 50 млн рублёў члену Савета Рэспублікі Мікалаю Чаргінцу за абразу яго гонару і годнасці. Падставаю стаў артыкул журналіста Аляксандра Тамковіча „Генерал‑сенатар Чаргінец”. А з Тамковіча быў спагнаны 1 млн рублёў. Гэта каля 23 тысяч і 460 долараў адпаведна, паводле курсу рубля на той час.
«Новы Час» — грамадска-палітычнае выданне. Было заснаванае Менскай гарадской арганізацыяй Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Выдаецца з сакавіка 2002 года.
Калектыў "Новага Часу" каля будынку суда Савецкага раёна. Фота: ПЦ "Вясна"
Газета-штотыднёвік «Новы Час» з’яўляецца адным з нямногіх рэспубліканскіх выданняў, якое выходзіць цалкам на беларускай мове. У выданні надаецца значная ўвага нацыянальнай культурнай і гістарычнай тэматыцы.
Паводле baj.by