Больш за тысячу чалавек – за інфармацыю на этыкетках па-беларуску
За тыдзень больш за тысячу чалавек падпісаліся пад петыцыяй з патрабаваннем публікаваць інфармацыю на таварных этыкетках адначасова на дзвюх мовах — беларускай і рускай.
Петыцыю стварылі грамадская актывістка Аліна Нагорная і „моўны інспектар” Ігар Случак.
На гэты момант на этыкетках тавараў інфармацыя, згодна з заканадаўствам, даводзіцца да пакупніка на рускай мове або рускай і беларускай. Калектыўны зварот, адзначылі аўтары петыцыі, неабходны для таго, каб спыніць дыскрымінацыю па моўнай прыкмеце ў сферы гандлю і паслуг.
Як патлумачыў БелаПАН Случак, дакумент, які рэгламентуе інфармацыю на этыкетках, быў прыняты Дзяржаўным камітэтам па стандартызацыі ў 2017 годзе. У артыкуле 4 гэтага дакумента гаворыцца наступнае: „Інфармацыя для спажыўца ў выглядзе тэксту наносіцца на рускай або рускай і беларускай мовах”.
Гэтая фармулёўка, на думку аўтараў петыцыі, парушае нормы закона „Аб абароне правоў спажыўцоў” і Канстытуцыю, паколькі з такой фармулёўкі вынікае, што толькі на беларускай мове інфармацыю даводзіць нельга, а толькі на рускай — можна. Выправіць гэта парушэнне можна толькі ўвядзеннем абавязку інфармаваць спажыўца на дзвюх дзяржаўных мовах адначасова.
Случак адзначае, што прапановы аб унясенні змяненняў у прававыя акты, згодна з якімі інфармацыя пра тавар павінна даводзіцца да спажыўца адразу на дзвюх дзяржаўных мовах, падтрымліваюць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, выканкамы, саветы дэпутатаў, Міністэрства культуры, Інстытут мовазнаўства НАНБ, таварыства абароны правоў спажыўцоў, а таксама вытворцы тавараў і паслуг.
Напрыклад, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка ў сваім адказе на прапанову такіх зменаў у заканадаўстве адзначыў, што ён „як грамадзянін Рэспублікі Беларусь і дэпутат цалкам падтрымлівае ініцыятывы па пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы”.
Пра падтрымку такіх зменаў заявіў і дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Ігар Капылоў.
Ухвалілі ініцыятыву і некаторыя кіраўнікі прадпрыемстваў.
„Толькі ў Беларусі з усіх іншых краін Мытнага саюза (за выключэннем Расіі) руская мова з’яўляецца дзяржаўнай нароўні з нацыянальнай. Улічваючы палажэнні Тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза, ужо цяпер відаць, што пры інфармаванні спажыўцоў Мытнага саюза выкарыстоўваюцца ўсе дзяржаўныя мовы, акрамя беларускай. А вытворцы эканомяць толькі на беларускай мове”, — звяртаюць увагу стваральнікі петыцыі.