Сацыял-дэмакраты абвінавацілі Лукашэнку ў парушэнні Канстытуцыі



Прызначыўшы новага кіраўніка ўрада без узгаднення з Палатай прадстаўнікоў, Аляксандр Лукашэнка парушыў тры артыкулы Канстытуцыі, гарантам якой ён з’яўляецца, гаворыцца ў заяве прэзідыума апазіцыйнай Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

У дакуменце прыводзяцца артыкулы Канстытуцыі — п. 6 арт. 84, п. 4 арт. 97, аб. 5 арт. 106, згодна з якімі прэзідэнт прызначае прэм’ер-міністра, атрымаўшы згоду Палаты прадстаўнікоў. У сваю чаргу парламент дае згоду прэзідэнту на прызначэнне прэм’ер-міністра, выдаткаваўшы на разгляд гэтага пытання не больш як два тыдні.

„У выпадку двухразовай адмовы ў даванні згоды на прызначэнне прэм’ер-міністра Палатай прадстаўнікоў прэзідэнт Рэспублікі Беларусь мае права прызначыць выканаўца абавязкаў прэм’ер-міністра, распусціць Палату прадстаўнікоў і прызначыць новыя выбары”, — цытуюць арт. 106 Канстытуцыі сацыял-дэмакраты.

Прэзідыум БСДП (Грамада) паказвае, што працэдура прызначэння прэм’ер-міністрам Сяргея Румаса не была выкананая, што дае падставу лічыць новыя кадравыя перастаноўкі ва ўрадзе незаконнымі.

„З-за гэтай прычыны Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) заяўляе пратэст і звяртаецца да Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі аспрэчыць гэтае прызначэнне ў Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь”, — гаворыцца ў заяве апазіцыйнай партыі.

18 жніўня Аляксандр Лукашэнка замест Андрэя Кабякова прызначыў прэм’ер-міністрам Сяргея Румаса, змяніў чатырох з пяці віцэ-прэм’ераў, а таксама прызначыў некалькі новых міністраў.

belapan.by