Прапановы адлюстраваць памяць пра БНР у тапаніміцы ад БСДП (Грамада)



Прэзідыум Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) прыняў рашэнне накіраваць у выканкамы абласных гарадоў і Менска зварот з прапановай назваць адну з вуліц у гэтых населеных пунктах у гонар 25 сакавіка — дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, паведаміў БелаПАН старшыня партыі Ігар Барысаў.

Паводле яго слоў, прэзідыум БСДП (Грамада) таксама рэкамендуе абласным і Менскаму гарадскому камітэтам партыі накіраваць звароты ў гарадскія і раённыя органы ўлады з прапановай назваць вуліцы ў гонар дзеячаў БНР, якія нарадзіліся або працавалі ў адпаведных гарадах і раёнах. Падтрымаць ініцыятыву сацыял-дэмакраты прапануюць іншым партыям і грамадскім аб’яднанням.

Сацыял-дэмакраты таксама звяртаюцца ў Менскі гарадскі выканаўчы камітэт з просьбай паскорыць ўсталяванне памятнай дошкі ў гонар абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі на будынку № 9 па вуліцы Валадарскага ў Менску.

Барысаў адзначыў, што гэтыя прапановы зробленыя ў межах святкавання сёлета 100-годдзя БНР. Ён нагадаў, што сацыял-дэмакраты былі ў ліку заяўнікаў святочнага канцэрта каля опернага тэатра ў Мінску 25 сакавіка 2018 года, а таксама сабралі прыкладна 1.000 подпісаў за прысваенне 25 Сакавіка статусу нацыянальнага свята.

Раней па зваротах партыйных арганізацый у Магілёве з’явіліся вуліцы Цішкі Гартнага і Аркадзя Смоліча, у Менску — Аркадзя Смоліча.

 
belapan.by