У Менску з’явіцца алея касманаўтаў і манумент касманаўтам



Дэлегаты XXXI Міжнароднага кангрэса Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў, які пройдзе 9—15 верасня, высадзяць у сталічным батанічным садзе алею касманаўтаў, паведаміў на прэс-канферэнцыі 28 жніўня намеснік старшыні прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ) Сяргей Кілін.

Касманаўты ўраджэнцы Беларусі: Алег Навіцкі, Уладзімір Кавалёнак, Пётр Клімук.

„Для алеі касманаўтаў падрыхтаваны спецыяльны манумент з надпісам аб гэтай падзеі, — сказаў навуковец. — У адкрыцці прымуць удзел усе касманаўты, якія прыедуць на кангрэс. Да пасадкі падрыхтаваны саджанцы вельмі жыццястойкага і прыгожага гатунку туі. У кожнай туі будзе таблічка з імем таго, хто гэта дрэва пасадзіў”.

Акрамя таго, 9 верасня, напярэдадні цырымоніі афіцыйнага адкрыцця кангрэса, на вуліцы Касманаўтаў у паўднёва-заходняй частцы сталіцы будзе адкрыты манумент, прысвечаны касманаўтам — ураджэнцам Беларусі. Аўтар скульптуры — народны мастак Беларусі, скульптар, прыхільнік касмічнай тэматыкі Іван Міско, паведаміў Кілін.

Кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў збярэ ў Менску каля 90 касманаўтаў з 19 краін.

Асацыяцыя ўдзельнікаў касмічных палётаў — міжнародная некамерцыйная арганізацыя, якая аб’ядноўвае каля 400 касманаўтаў і астранаўтаў з многіх краін. Яна створана ў 1985 годзе для абмену вопытам у галіне пілатаваных касмічных палётаў.

belapan.by