XIX Трыялог у Крынках: BELARUSIAN OUTSIDE



BELARUSIAN OUTSIDE. На гэтую тэму праходзіць сёлетні “Трыялог” у Крынках. Гэтае мерапрыемства, запачаткаванае выбітным беларускім і польскім пісьменнікам і публіцыстам Сакратам Яновічам, адбываецца 19 раз і традыцыйны сабрала мастакоў, палітыкаў, літаратараў і не толькі з Беларусі.

 Як кажа кіраўніца Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская, ёй падабаецца тэма сёлетняга “Трыялогу” сваёй шматзначнасцю:

— Belarusian Outside — гэта тыя беларусы, што жывуць па-за межамі Беларусі, ці сама Беларусь ужо сёння outside як бы сваёй дыяспары і тых нейкіх прагрэсіўных тэндэнцый, якія адбываюцца ў свеце. Сёння я якраз хацела паразважаць на гэту тэму ў час дыскусіі, бо яна вельмі сугучна таму, што гучала у час апошняга з’езду беларусаў свету, пра што мы казалі і на што мы звярталі ўвагу дзяржаўных устаноў Беларусі. А менавіта на тое, што трэба наладзіць больш інтэнсіўную працу, актывізаваць працу з беларускім замежжам.

Журналіст і перакладчык Ян Максімюк першы раз удзельнічаў у “Трыялогу”, калі мерапрыемстваў арганізоўваў яшчэ сам Сакрат Яновіч. Тэма сённяшняга “Трыялогу”, кажа, выклікае дзве асацыяцыі:

— Ну, што я, скажам outsude-беларус, я чалавек, які ніколі не жыў у Беларусі. Раней жыў у Польшчы, 20 гадоў жыву ў Чэхіі. То бок я ўжо крышку гляджу на Беларусь outsude, ці на Беларусь тую, што называецца Рэспублікай Беларусь, ці на сваю ўнутраную Беларусь, якая называецца Падляшшам, гэта я ўжо крышку з боку. Так што гэта першая такая асацыяцыя – асабістая. Ну, а другая асацыяцыя, што тут, на гэтых Трыялогах наогул прапанавалася: такі погляд з боку.

У межах “Трыялогу” у Крынках дыскусіі праходзяць у трох панэлях: літаратура, медыя і культура. Увечары яшчэ запланаваная музычная частка з удзелам, у тым ліку, беларускага гурта Port Mone.

[Not a valid template]

Традыцыйна “Трыялог” адкрыла мастацкая выстава ў галерэі “Крынкі”. Сёлета яна называецца PRA__BEL, і паказвае працы мастакоў, якія цяпер жывуць і працуюць па-за межамі Беларусі.

Кажа куратар выставы, мастак Андрэй Дурэйка:

— Часамі мы гаворым, што яны з’ехалі і ўжо не беларусы нібы, а гэта вялікая памылка. Мне здаецца, што вельмі важна інтэграваць, альбо ведаць культурны кантэкст людзей, і тады развіваць гэтую тэму Беларусі пашыранай. Што мы маем сваіх агентаў за мяжой, якіяя атрымалі за апошнія 20 гадоў добрую адукацыю ў найлепшых школах Еўропы і Амерыкі. Нам ёсць, што паказаць, нам ёсць, аб чым казаць.

Выставу пад назвай PRA__BEL можна паглядзець у галерэі “Крынкі”. 

Поўны матэрыял з адкрыцця выставы слухайце ў далучаным гукавым файле:

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Тэма сёлетняга Трыялогу наўмысна неадназначная. Справа ў тым, што неадназначным з’яўляецца і само англійскае паняцце „outside” якое адрозніваецца ад тэрміну „abroad”.

У прынцыпе, гэтае першае паняцце азначае, што нехта або нешта знаходзіцца „па-за”, „звонку”, на ўзбочыне”. Па-беларуску, як дарэчыі па-польску аднак у ангельскім маўленні „аўтсайдар” адназначна схіляецца ў бок нечага або некага хто „адстае”, „не паспявае”, не адпавядае пэўнай цэласнасці або катэгорыі. І так у спорце аўтсайдар з’яўляецца найслабейшы гулец або каманда, апошнія ў класіфікацыі, якія адхіленыя ад далейшага спаборніцтва. Затое ў сацыялогіі гэта чалавек, які існуе на перыферыі грамадства як неўдалота, вырадак, парый, які не адпавядае агульным стандартам грамадства.

Для мяне тэма „Беларусь звонку” прыводзіць на думку некалькі аспектаў на якія я хачу звярнуць увагу. На мой погляд, тэма ўказвае ў першую чаргу на:

– наяўнасць вялікай, беларускай эміграцыі і дыяспары;

– наводзіць на думку ступень прысутнасці і актыўнасці беларусаў і іх культуры ў свеце;

– указвае на факт, што Беларусь прасоўваюць і прапагандуюць у свеце гэтак даўнія як і цяперашнія выдатныя людзі ў розных дзялянках;

– Беларусь з’яўляецца аб’ектам жывога і бескарыслівага зацікаўлення і даследаванняў з боку многіх аўтарытэтных замежных беларусістаў у пары дзясяткаў важных краін свету;

– па прычыне свайго палітычнага выбару краіна з’яўляецца аўтсайдарам у многіх галінах, застаецца маргіналізаваным вырадкам і парыем…

 

Праграма

пятніца, 31 жніўня

мастацтва / 17:00 – 19:30 / Галерэя Крынкі – вул. Ю. Пілсуцкага 6 Андрэй Дурэйка (BY)

субота, 2 верасня

дыскусія / 11:00 – 17:00 / Каўказская сінагога – вул. Ю. Пілсудскага, 5  мадэратар: Яраслаў Іванюк (PL) літаратура / смі / культура Алена Макоўская, Уладзіслаў Ахроменка, Валянцін Акудовіч, Мікалай Ваўранюк, Сяргей Дубавец, Андрэй Дурэйка, Павел Касцюкевіч, Павел Мажэйка

музыка / 18:30 – 21.30 / Каўказская сінагога – вул. Ю. Пілсудскага, 5 18:30 Chikiss aka Galina Ozeran 20:30 Port Mone

Уваход бясплатны.

* * *

Пачынаецца XIX Трыялог у Крынках

У нашай студыі Лявон Тарасэвіч. Сёння ён у якасці старшыні фонду Villa Socrates паколькі тэмай нашай размовы будзе тое, што сёння пачынаецца ў Крынках, а менавіта? «Беларускі Трыялог». Сёлетні Трыялог будзе прысвечаны Беларусі звонку, ці беларусам звонку, погляду на Беларусь з боку.

РР: Кастусь Бандарук у тэксце, які падрыхтаваў да сёлетняга дыялогу, з якога бадай пачнецца, дыскусія, параўнаў духоўную Айчыну, на якую глядзяць людзі з боку, не абавязкова з эміграцыі, бо той погляд з боку можа быць розны, да такога згубленага Раю, да выгнання з Раю Адама і Евы. І кожны крыху, калі стаіць з боку, ідэалізуе той вобраз Айчыны. Патрон гэтых сустрэч Сакрат Яновіч, памятаю, ідэалізаваў, хаця б у пошуках гістарычнага вобразу Беларусі, бо сённяшняя Беларусь яго вельмі часта і моцна нервавала. А як ты глядзіш на гэту Беларусь? Чым яна для цябе ёсць?

Лявон Тарасэвіч: Я думаю, што сёлетняя сустрэча на Трыялогу цікавыя тым, што сустракаюцца беларусы свету, якія ў розных месцах працуюць, не абавязкова як палітычная эміграцыя, найчасцей, калі мастакі, дык яны проста паехалі у добрую акадэмію, у Дюсельдорф. І на сёння паказваецца беларуская актыўнасць у Еўропе, якая ёсць разам з іншымі. Вядзецца дыскурс наконт еўрапейскай культуры і ствараннем разам сучаснага мастацтва. Ужо няма гэтых бел-чырвона-белых сцягоў і Пагоняў, а ёсць цікавыя прапановы мастакоў з Нямеччыны, Англіі, Бельгіі. Таксама цікава, што на усіх дыскусійных панелях дыскутуюць людзі з аднаго боку з Рэспублікі Беларусь і ад нас, з Беласточчыны, і тыя, што жывуць, ці жылі, недзе ў Еўропе. Таму думаю, што як заўсёды, гэта такі момант, калі мы можам дыскутаваць пра вялікую тэму, якая і на вялікую кніжку, і на вялікую выставу, на якую можа нехта зробіць больш чым мы у Крынках, але мы на гэтай крынскай Агоры хочам пачаць такі дыскурс.

РР: Хаця Лявон Тарасэвіч прафесар Мастацкай акадэміі ў Варшаве, апошнім часам дадалася яшчэ адна прафесура: ганаровая ў Вроцлаўскай акадэміі. І як сказаў рэктар гэтай акадэміі, гонарам было б кожнай мастацкай школе мець у прафесарах Лявона Тарасэвіча. Усё ж гэтыя дыскусіі ў час Трыялогу далёка не акадэмічныя, не прафесарскія я б сказаў. Чаго ты чакаеш ад гэтых дыскусій? Бо напэўна не такога, чыста навуковага, падыходу да справы, ці прачытання з карткі дакладу. Прынамсі дагэтуль такога не было.

Лявон Тарасэвіч: Ніколі не было і ніколі дыскусія у Крынках не заканчвалася нейкай адзінай развязкай. Ну можа два гады таму, калі тэмай было «Чаму Бог не разумее па-беларуску?» адкрыта сказалі, што якая мова ў Царкве вырашае гаспадар, значыць епіскап. І тут для мяне, мяркую, найбольш цікавымі будуць такія рэчы, што сустыкненне трох асобаў з розных месцаў актыўнасці беларускай, дасць можа нешта новае, чаго мы не ведам пра беларускую культуру. Да прыкладу, заўсёды думаецца што беларуская культура яна такая сялянская, прыгожанькая, плыве па душы, аказваецца, што маладыя мастакі рэзкія і вельмі экспрэсіўныя. Мне марыцца зрабіць Трыялог разам з нашай Ноблеўскай лаўрэаткай пра беларускі рэалізм. Што беларускае мастацка настолькі надрэалістычнае, што людзі на гэта не звяртаюць увагу. Напрыклад тое пра што пісаў Васіль Быкаў, што бы бачым у фільма «Ідзі і глядзі» Клімава, ці тое, што піша Алексіевіч. Я проста больш за 20 хвілін не магу слухаць, бо гэтага зашмат, надта рэзка, занадта рэалістычна. Я думаю, гэта такі добры падыход: першае сутыкненне, каб мы маглі ў Крынках сустрэцца, ну і з Андрэем Дурэйкам, які курыруе мастацкую частку як зрабіць вялікую выставу беларускага мастацтва недзе ў Еўропе, можа быць Варшава, можа быць Нямеччына.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным файле:

Гутарыў Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя