Студбілеты першакурснікаў БДУ будуць сумешчаныя з банкаўскай картай
Каля пяці тысяч першакурснікаў і магістрантаў БДУ ўпершыню ў сістэме вышэйшай адукацыі Беларусі атрымаюць электронны студэнцкі білет, сумешчаны з банкаўскай плацежнай картай, паведамляе прэс-служба ААТ „Белінвестбанк”.
Уладальнікамі новага дакумента стануць студэнты як бюджэтнай, так і платнай формы навучання.
„Новы студэнцкі білет сумяшчае на адным бескантактавым мікрачыпе сродак радыёчастотнай ідэнтыфікацыі і плацежны дадатак. Першы забяспечвае пропуск на тэрыторыю і ў карпусы ўніверсітэта, другі — магчымасць ажыццяўляць розныя разлікі”, — паведамляе „Белінвестбанк”.
Трымальнікам студэнцкіх білетаў будзе давацца бясплатна інтэрнэт-банкінг. Выпуск новага прадукту ажыццёўлены на базе банкаўскай аплатнай карткі MasterCard Standard.
„Тэрмін дзеяння сумешчанага дакумента — чатыры гады, што не патрабуе на працягу навучання звароту ў банк для яго замены. Па фармаце студэнцкі білет не адрозніваецца ад звычайнай плацежнай карты. На яго адным баку змяшчаюцца дадзеныя навучэнца: фатаграфія, нумар білета і банкаўскай карты”, — адзначае банк.
Плануецца, што ў будучыні студэнцкія квіткі, сумешчаныя з функцыяналам банкаўскай плацежнай карты, атрымаюць студэнты і іншых беларускіх ВНУ.
„Стварэнне і ўкараненне новага электроннага студэнцкага білета разглядаецца як частка праграмы шырокамаштабнай лічбавай трансфармацыі, якая рэалізуецца з лістапада 2017 года. У далейшым функцыянал новага студэнцкага білета будзе пашырацца і дапаўняцца. Плануецца ўкараненне інавацыі і ў іншых універсітэтах Беларусі”, — паведамляе „Белінвестбанк”.
БДУ ў 2003 годзе стаў першай ВНУ Беларусі, якая ўвяла ў карыстанне электронныя студэнцкія білеты. У 2010 годзе яны былі ўкаранёныя ва ўсе ўстановы вышэйшай адукацыі краіны.
Фота прэс-службы БДУ