Разгляд судовай справы Юрася Беленькага перанеслі на 17 снежня



Суд Менскага раёну перанёс з сённяшняга дня на 17-га снежня разгляд справы намесніка старшыні КХП-БНФ Юрася Беленькага. Паводле апазіцыянера, адтэрміноўка звязана з тым, што не ўступілі ў сілу ранейшыя прысуды за арганізацыю мітынгаў з нагоды Дзядоў 2-га і 9-га лістапада, а калі яны ўступяць у сілу, то трэці прысуд можа быць больш жорсткі:

– Калі б сёння мяне судзілі, то там закон вызначае пакаранне, калі гэта паўторна, то памер большы. Калі ранейшыя судовыя пастановы ўвойдуць у законную сілу, то гэтая, ужо трэцяга суда, пастанова будзе разглядацца па той частцы заканадаўства, якая прадугледжвае больш жорсткае пакаранне. Толькі гэтая прычына, з майго пункту гледжання, чаму адклалі сёння паседжанне.

Паводле Юрася Беленькага, суддзя патлумачыў адтэрміноўку разгляду справы тым, што не з’явіўся ў суд міліцыянт, які складаў на яго пратакол. Аднак актывіст сам бачыў міліцыянта ў калідоры, паведаміў пра гэта суддзі, аднак той усё роўна застаўся пры сваім рашэнні. Разгляд справы адбудзецца праз два тыдні. Беленькі ўжо пакараны двума штрафамі на агульную суму 7,5 мільёнаў рублёў.

Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя