Сурыкаў: Вострых палітычных спрэчак у Беларусі і Расеі няма



У адносінах Беларусі і Расеі няма вострых палітычных спрэчак, заявіў расейскі пасол Аляксандр Сурыкаў на прэс-канферэнцыі ў сувязі з завяршэннем дыпламатычнай місіі ў Менску.

На пытанне, што было самым складаным у адносінах за 12 гадоў працы ў Беларусі, Сурыкаў адказаў:

– Я не называю сур’ёзнымі складанасцямі спрэчкі эканамічныя. У прынцыпе – гэта спрэчка прадаўца і пакупніка. Адзін хоча даражэй прадаць, другі – танней купіць. Звычайная гісторыя. Крызіс усё ж такі. Не вельмі добра ўплывае на грамадскую думку тое, што пасля пачынаюць умешвацца ўлады. І вырашаюць аж прэзідэнты. Замест рашэння ў судах. Там павінны прымацца рашэнні, калі ёсць спрэчка.

Палітычна ж за гэтыя гады Беларусь і Расея сталі бліжэй, адзначыў расейскі дыпламат.

„Складанасцяў страшных і непераадольных палітычных у нас ніякіх няма. А ў эканоміцы трэба вучыцца размаўляць мовай гаспадарчага права”, — падкрэсліў ён. Сурыкаў таксама заявіў, што ў Расеі не выклікае турботы збліжэнне Беларусі з Захадам. „У Расеі таксама ёсць палітыка на збліжэнне з Захадам, у тым ліку з ЗША, — адзначыў ён.

belapan.by