Спектакль “Народны альбом” адкрыў фестываль „Усход культур”



Музычным спектаклем “Народны альбом” у выкананні маладых акцёраў пачаўся ў Беластоку фестываль “Wschód Kultury – Inny Wymiar”. У спектаклі на аснове беларускага музычнага праекта “Народны альбом” выступілі ўдзельнікі гуртка “Гульня ў тэатр”, які дзейнічае пры Аб’яднанні ў карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову, АБ-БА. “Народны альбом” з’яўляецца спяванай гісторыяй беларускага памежнага горада ў 20-х і 30-х гадах дваццатага стагоддзя.

Стваральнікі спектакля з  27 песень выбралі 8, кажа Аліна Ваўранюк з аб’яднання АБ-БА:

– Праца з кожнай песняй – гэта перш-наперш словы. І трэба растлумачыць словы, растлумачыць значэнні і кантэкст песні: чым быў для гэтых людзей, якія ў Менску ў 94-м годзе прыдумалі гэты “Народны альбом” , чым была гэтая гісторыя.

Фестываль “Wschód Kultury – Inny Wymiar” працягваецца да нядзелі. У пятніцу тэатр “Чрэво” пакажа сваю навейшую монадраму “Позоры”. Пачатак у 17 ва ўніверсітэцкім цэнтры культуры. Вернісаж фотавыставы  “Свае гісторыі” Марыны Бацюковай у суботу 1 верасня ў 16 ў Цэнтры імя Людвіка Заменгофа. У нядзелю са спектаклем “Гамлет” выступіць Магілёўскі абласны лялечны тэатр. Пачатак ў 19 ў Беластоцкім лялечным тэатры.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота аўтара