Фестываль святла пройдзе ў Полацку



Фестываль святла пройдзе ў Полацку з 31 жніўня па 2 верасня, паведамілі арганізатары.

Гасцей незвычайнага свята чакае насычаная праграма. У гэтыя дні ў цэнтры Полацка можна будзе ўбачыць 3D-праекцыю на фасадзе гасцініцы „Дзвіна”, адкрыць для сябе старажытны горад падчас начных экскурсій і лекцый. Пагрузіць у атмасферу свята змогуць майстар-клас па начной фотаздымцы, флэшмобы і фаер-шоу. А для аматараў актыўнага адпачынку арганізуюць велапрабег па цэнтры горада. Кульмінацыяй стане запуск 10 светлавых інсталяцый. Іх будуць ўключаць ўсе тры дні з 20.00.

„Фестывалі святла праходзяць кожны год па ўсім свеце: у французскім Ліёне, нямецкім Берліне, іспанскай Барселоне. У гэтым годзе да іх упершыню далучыцца Полацк. Сёлетні фестываль адбудзецца ў час Дня горада і Дзён энергіі, якія праходзяць у горадзе на Дзвіне з 2012 года” , – распавялі арганізатары.

Незабыўнымі момантамі для гасцей стануць свята фарбаў холі і святлівых паветраных шарыкаў. Юных палачан не пакінуць абыякавымі светлавыя спектаклі і майстар-класы па маляванні святлом. Акрамя таго, у дні фестывалю дзверы сямі полацкіх музеяў будуць адкрыты даўжэй, чым звычайна. А ў Музеі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я для гасцей правядуць інтэрактыўную экскурсію аб гэтым старажытным рамястве.

Фестываль святла – частка праекта „Гарсвятло”, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам у межах ініцыятывы EU4Energy. Праект рэалізуюць Полацкі райвыканкам і фонд „Інтэракцыя”. У выніку праекта на 16 полацкіх вуліцах мадэрнізуюць вулічнае асвятленне.

Ініцыятыва ЕЗ накіравана на ўдасканаленне энергазабеспячэння, яго бяспекі і даступнасці. Яна папулярызуе ідэі энергаэфектыўнасці і выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі ў краінах „Усходняга партнёрства”. У доўгатэрміновай перспектыве энергазабеспячэнне становіцца больш даступным, надзейным і празрыстым.

zviazda.by