US Open: беларускі выбілі з турніру прадстаўніц Расеі



Вельмі ўдалым выдаўся чарговы дзень на адкрытым чэмпіянаце ЗША па тэнісе для беларускіх тэнісістак. Яшчэ дзве прадстаўніцы Беларусі выйшлі ў наступны круг турніру – 1/16-ю фіналу.

Аляксандра Сасновіч у дзвюх партыях перамагла намнога больш рэйтынгавую расейскую тэнісістку Дар’ю Касаткіну – 6:2, 7:6 (9:7). Як відаць па ліку, першую партыю Сасновіч выйграла ўпэўнена, а вось у другой усё вырашыў тай-брэйк.

Першая ракетка Беларусі Арына Сабаленка сустракалася з менш рэйтынгавай, але дасведчанай расейкай Верай Званаровай. Сюжэт паядынку тут быў падобным. Сабаленка ўпэўнена ўзяла першую партыю – 6:3, а ўдругім сеце было куды цяжэй, але ўсё завяршылася пераможна – 7:6.

Такім чынам ажно тры беларускі (раней гэта зрабіла Вікторыя Азаранка) выйшлі ў трэці круг – у 32 мацнейшых.

У 1/16-й фіналу Арына Сабаленка будзе змагацца з 5-й ракеткай свету – чэшкай Петрай Квітавай. Аляксандра Сасновіч сустрэнецца з 20-ым нумарам сусветнага рэйтынгу – японкай Наомі Осакай.

Беларускае Радыё Рацыя