Мікола Салянік: Хачу паглядзець у твар пракурору і суддзі



Старшыня гарадзенскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікола Салянік будзе абскарджваць адміністрацыйныя штрафы. Гарадзенскі абласны суд  прыняў скаргу да разгляду.

Скарга актывіста накіравана на рашэнне суддзі Таццяны Гергель, якая 19-га жніўня аштрафавала Міколу Саляніка на 25 базавых велічынь, абвінаваціўшы паводле артыкулаў 23.34 і 23.4 Адміністрацыйнага кодэксу – за парушэнне парадку і арганізацыі масавых мерапрыемстваў  і непадпарадкаванне законнаму распараджэнню альбо патрабаванню пасадовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў. Кажа Мікола Салянік:

– Ведаю, як вядуцца ў нас справы, але яшчэ раз хачу паглядзець у твар пракурору. Хачу яшчэ раз паглядзець у твар і ў вочы суддзі. Хачу яшчэ раз сказаць ім, што за ўсе гэтыя дзеянні, якія яны будуць тварыць, калісьці ім прыйдзецца адказваць. Адваката не хачу далучаць, бо я ведаю, у якім становішчы знаходзіцца наша адвакатура, бо яна не мае статуса незалежнай.

Скарга Міколы Саляніка будзе разглядацца а палове на трэцюю дня 13-га верасня ў памяшканні абласнога суда Гародні.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня