Гісторыя да Дня ведаў. Школа Шатохіна



Роўна 30 гадоў таму, ў верасні 1988 года, першых вучняў прыняла Пінская школа выяўленчага мастацтва, якая цяпер называецца Дзіцячая школа мастацтваў №4. Працяглы час установу ўзначальваў адзін з яе стваральнікаў, вядомы беларускі мастак, педагог і грамадскі дзеяч Яўген Шатохін.

Цалкам лагічна, што сёлета, ў сувязі з юбілеем адкрыцця школы, грамадскае аб’яднанне “Садружнасць Палесся” прапанавала мясцовым уладам надаць Пінскай дзіцячай школе мастацтваў №4 імя Яўгена Сяргеевіча Шатохіна альбо усталяваць мемарыяльную шыльду. Ідэю ні ў якім выглядзе чыноўнікі не падтрымалі, зрабіўшы спасылку на тое, што вынікаў дзейнасці Шатохіна недастаткова. Цікава, канечне, якія мастацтвазнаўцы працуюць у пінскім гарвыканкаме, каб даваць такія заключэнні, але бясспрэчным застаюцца факты – стаяў ля вытокаў стварэння і быў першым дырэктарам. Нават гэтага досыць.

Яўген Шатохін за штурвалам на ўласнай яхце “Сакавік”, з архіва аўтара

Сітуацыя выклікала шмат дыскусій у розных колах і не толькі Пінска. Не абыйшлося і без удзелу “добразычліўцаў”, маўляў зараз не час, бо асоба супярэчлівая і да яе шмат пытанняў, а вось праз гадоў пяцьдзесят… Касмічнага маштабу трызненне, якое выклікае ўсмешку. Але ёсць іншая катэгорыя таварышаў, якія ўсіляк спрабуюць зменьшыць важнасць постаці Шатохіна для школы. Прынамсі катэгарычна адмаўляюць удзел у стварэнні. На іх думку заснавальніцай варта лічыць Зою Малышаву. Хто гэта? У 1982-85 гадах старшыня Пінскага гарвыканкама, а ў 1985-88 гадах першы сакратар гарадскога камітэта Кампартыі. І вось з гэтага моманту пачнем нашую гісторыю.

Разам з вучнямі ў майстэрні, 2010 год, архіў Я.Шатохіна

Яўген Шатохін ніколі не хаваў таго, што далучыцца да праекта “мастацкая школа” яго асабіста запрасіла Малышава. Але чаму менавіта гэтага мастака? На той час імя пінчука ўжо мела вагу ў выяўленчым мастацтве і гэта было прызнанне на агульнасаюзным узроўні – ад 1982 года чалец Саюзу мастакоў СССР. Яшчэ раней, у 1970-х гадах, пачаў прымаць удзел у усесаюзных і замежных выставах. Тады пінчук жыў у глыбі Расеі, ён пакінуў бацькоўскі край у сярэдзіне 1960-х гадоў. Пра той перыяд творцы мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч напісала:

…Шмат гадоў мастак пражыў на Поўначы, яго вабілі марскія падарожжы і нечаканыя

сустрэчы. Тыя гады сталі школай жыцця і школай мастацтва. На паперы ажывалі паўночныя вёскі, у якіх яму даводзілася прыпыняцца падчас падарожжаў, людзі гэтай зямлі, іх простае, але годнае жыцьцё. Графічныя лісты Яўгена Шатохіна выстаўляліся ў Маскве, адзначаліся ў друку. У іх была свая прыцягальная сіла: суровая прырода краю ўзбуджала магутныя вобразы, у якіх была завостраная кантраснасць і тэматычная дакладнасьць. Акварэлі, малюнкі, афорты, літаграфіі Яўгена Шатохіна з’яўляліся на ўсесаюзных выставах, а іх аўтар – сябра саюза мастакоў СССР – наталяў сваю прагу да новых уражанняў падарожжамі па паўночных рэках, выходзіў у адкрытае мора”.

Вучні віншуюць настаўніка з адкрыццём выставы “Я-паляшук”, 2005 год, з альбома “Яўген Шатохін”

Мастак узгадваў, што прыняў прапанову Малышавай з задавальненнем. Шатохін на той момант ужо думаў пра неабходнасць стварэння пінскай мастацкай школы і не столькі, як аб’ект з людзьмі, а як з’яву, кірунак у мастацтве. На тое былі перадумовы, адпаведная традыцыя, якую магчыма было развіваць. Яшчэ ў 1930-я гады ў Пінску паўстала мастацкае кола, якое аб’ядноўвала таленавітых асоб: Аляксандр Лазіцкі, Фёдар Лаўроў, Павел Петразаводскі, Сяргей Муханаў і Яўген Пулахаў. У дзіцячыя гады Шатохіну пашчасціла больш за пяць гадоў займацца ў студыі пад кіраўніцтвам Яўгена Пятровіча Пулхава. Нібы працягвалася сувязь пакаленняў пінскіх мастакоў. Таму для Шатохіна стварэнне мастацкай школы было місіяй да ажыццяўлення якой ён прыклаў усе магчымыя высілкі. А энэргіі папрацаваць на карысць Бацькаўшчыны хапала – акурат вярнуўся з Поўначы. Пра вяртанне напісала “Савецкая Беларусь”:

Паўтары гады таму капітан Шатохін сваім ходам дабраўся з Вялікага Усцюга, што на Валагодчыне, да Пінску. Ня менш за 4 тысячы кіламетраў прайшоў рэкамі і азёрамі — праз Архангельск, Салаўкі, Беламор-канал, Анегу, Выцегру, Чарапавец, Рыбінск… “Развітанне з Поўначчу” – так назваў мастак Шатохін серыю графічных аркушаў, скончаную напярэдадні шляху на радзіму, у горад дзяцінства, дзе калі не лічыць нядоўгіх пабывак, адсутнічаў чвэрць стагоддзя і дзе зараз кідаў якар назаўсёды…Ён жыў не зважаючы на акалічнасці, аднолькава прагна паглынаў літаратуру, музычную класіку і непрыгладжаную, часам грубую, а часцей – сумную рэальнасць. Пакутваў, адлюстроўваючы апусцелыя вёскі, напаўразбурарыя храмы, абветраныя твары жыхароў Поўначы. Ён маляваў і тое, чым нельга не любавацца, і тое, што выклікала сум

і зніякавенне… Пра графіка Яўгена Шатохіна цяжка распавесці. Гэта – як пераказ у прозе вершаў. Яго творы трэба бачыць, і мець пры тым лірычны настрой у душы, і тады трапяткія лініі загамоняць, у павучынні найтанчэйшай тканіны зазіхаціць вясёлка. Вось вам і звычайны аловак!”

 У Жыровіцкім кляштары, 2002 год, з альбома “Яўген Шатохін”

А вось, як сам творца тлумачыў, чаму вырашыў рушыць дадому: “Удзячны далёкай Поўначы тым, што знаходзячыся на чужыне асабліва ўсведамляеш веліч роднай зямлі. Гэта тое пачуццё, якое альбо дадзена чалавеку альбо не. Мяне жыццё такім узнагародзіла і проста больш не мог удалечыні. Моцнае ўражанне, калі я трапіў на старажытныя, закінутыя могілкі. Тады падумалася: “Няўжо і мне тут ляжаць, на чужыне, сярод невядомых прозвішчаў?”. Катэгарычна вырашыў вяртацца ў родны Пінск”.

 Апошні здымак у мастацкай школе перад звальненнем, студзень 1997 год, з альбома “Яўген Шатохін”

Магчыма сказаць, што Шатохін вярнуўся ў Пінск у патрэбную гадзіну, нібы лёс яго вёў да здзяйсненняў на Радзіме. Па словах Яўгена Сяргеевіча, адная справа была разважаць пра школу, ўяўляць сябе навучальны працэс, пытлівыя вочы дзяцей, але зусім іншыя думкі паўсталі, калі на ўласныя вочы пабачыў будынак. Неабходна было рабіць капітальны рамонт пры невялікіх фінансах – будучы настаўніцкі калектыў працаваў разам з будаўнікамі. Апантаннасць ідэяй аказалася мацней за ўсе перашкоды, якія паўставалі на шляху да яе рэалізацыі. Вынікі на відавоку па сённяшні дзень.

Шатохін выхаваў цэлую плеяду мастакоў, якія праслаўляюць родны Пінск і ўсю краіну. Яго вучні занялі сваю нішу ў мастацтве: знакамітыя дызайнеры, мастакі, мастацтвазнаўцы, архітэктары і не толькі ў Беларусі, а далёка за яе межамі. Шатохін у 1993 годзе распрацаваў праект стварэння ў Пінску Мастацкага ліцэя. Ён імкнуўся, каб Пінск заявіў пра сабе, як горад таленавітых мастакоў. Час паказвае, што ў яго гэта сапраўды атрымалася.

Менск. На адкрыцці шыльдаў “Сойм БНФ” і “Ўправа БНФ”, Яўген Шатохін за Лявонам Баршчэўскім, 1997 год, з архіву vytoki.net.

У 1997 годзе па палітычных матывах Яўген Шатохін быў пазбаўлены пасады дырэктара. Гэта выклікала абурэнне, як сярод выкладчыкаў, так сярод і вучняў, а адпаведна і іх бацькоў. Ладзілася акцыя пратэста, яе часткова запісалі на відэа грамадскія актывісты. Калісьці Шатохін паказваў запіс аўтару гэтых радкоў, пасля смерці мастака, напэўна відэа захоўваецца ў сям’і.

Пазбаўленне дырэктарскай пасады не паставіла крыж на педагагічнай дзейнасці Шатохіна. Ён да канца дзён вёў заняткі ў сваёй майстэрні, рыхтаваў дзяцей да паступлення, ўдасканальваў іх веды.

 Нью-Ёрк. Зянон Пазняк прамаўляе на адкрыцці выставы Яўгена Шатохіна “Мая і Твая Беларусь”, лістапад 2008 год, архіў мастака

Напрыканцы свайго жыцця Яўген Шатохін заняўся распрацоўкаю сайта прысвечанага Пінскай мастацкай школе, дзе планаваў выкласці ўсю інфармацыю пра гісторыю стварэння, вучняў, педагогаў, фотаздымкі і г.д. Ён бачыў сайт, як агульны для ўсіх выпускны альбом, які заўжды прыемна адкрыць і пагартаць старонкі памяці. Раптоўная смерць не дала давесці справу да канца, застаўся толькі макет інтэрнэт-старонкі. А можа так і трэба, настаўнік пачаў, даў ідэю-глебу, а далей працягнуць удзячныя вучні…

Відавочна, што для Яўгена Шатохіна мастацкая школа ў Пінску была часткай жыцця, пярлінай пра якую клапаціўся да апошняга.

 Так мусіла выглядаць галоўная старонка сайта прысвечаная Пінскай мастацкай школе

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя