У Берасці зноў затрымалі Сяргея Пятрухіна (абноўлена)
Прымусовая дастаўка Сяргея Пятрухіна на асведчаннне была нічым неабгрунтаванай. Улады і іх сілавыя структуры імкнуцца ціснуць на блогера псіхалагічна. Следчы па крымінальнай справе Пятрухіна прызначыў на сёння асведчанне, але Пятрухін мусіў з’явіцца на яго ў іншы акрэслены час.
З Пятрухіным размаўлялі лекары-псіхіятры. Яны задавалі блогеру пытанні пра асабістае жыццё, пра яго ранейшую вучобу, працу. Прапаноўваліся анкеты і розныя псіхалагічныя тэсты. Пятрухін заявіў лекарам, што яго пераследуюць за тую праўду, якую ён здымае на відэа і выкладае ў сеціве.
***
Улады працягваюць пераслед берасцейскага відэаблогера Сяргея Пятрухіна.
3 верасня каля 8.45 Сяргей Пятрухін быў затрыманы ў Берасці на прыпынку „Тэатр”. Відэаблогер якраз накіроўваўся да свайго адваката.
Відавочцы гэтага паведамляюць, што на аўтобусным прыпынку да Пятрухіна падышлі нейкія людзі, невыразна зачыталі нейкую пастанову. Нібыта гутарка ішла пра правядзенне чарговай экспертызы. Папярэдне за Пятрухіным сачылі.
Пасля затрымання Сяргея Пятрухіна павезлі ў невядомым кірунку.
За сваю дзейнасць блогер неаднаразова быў пакараны судамі. Апошнім часам ціск на Пятрухіна з боку ўладаў узмацніўся за яго актыўную пазіцыю супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем.
Беларускае Радыё Рацыя