1 верасня – свята ці пачатак катаржных прац?



Першы званок прагучаў па ўсёй Беларусі – адзначылі Дзень ведаў! Цёплае і сонечнае надвор’е дадало харошага настрою ўсім, хто ў тэме… І ўсё ж хтосьці моцна засмуціўся: лета прамінула – прыйшлі школьныя будні!

Хтосьці, наадварот, рады быў сустрэчам з аднакласнікамі і настаўнікамі… Па вялікім рахунку, усё індывідуальна і залежыць выключна ад сямейных традыцый, звязаных з вучобай. Кожнаму сваё. Свет падзелены на песімістаў і аптымістаў. Сустракаюцца яшчэ перфекцыяністы з рознымі прыбыткамі… Пэўна, на іх і разлічаныя крэдыты з гучнымі прапановамі тыпу “Вазьмі крэдыт – збяры дзіця да школы!” І бяруць, бо мы ж не горшыя за іншых, праўда?! І дзіцё не павінна адрознівацца ад іншых вучняў “па знешнім выглядзе” ды напоўненасці свайго заплечніка.

Паслуга карыстаецца попытам. Зразумець гэта цяжка: зазвычай “піярацца” крэдыты на 2 або 5 гадоў. Ок, вы крута падрыхтуеце дзіця да школы ў бягучым навучальным годзе – у яго будзе шыкоўны гардэроб, найлепшыя сшыткі, асадкі, алоўкі, а што будзе ў наступным годзе? Калі ў вас дзяўчына, то ёсць шанец абысціся без вялікай колькасці падраных портак, а калі хлопец, то які сэнс у такіх растратах? Да таго ж, дзеці растуць – і падчас вельмі хутка! Ім яшчэ патрэбны вітаміны, кнігі, гурткі – крэдыт не вырашае ўсе гэтыя праблемы (стабільны даход – безумоўна!)

1 верасня ў беларускія школы пайшлі 1 100 000 вучняў. З іх 110 тысяч – “першачкі”. Ва ўсіх школах краіны прайшла класная гадзіна па тэме “Мне выпала шчасце тут нарадзiцца”. Штогод беларускай сістэме адукацыі выпадае “шчасце” пратэставаць нейкую новую фішку, рэформачку. У 2018/19 навучальным годзе маем знішчэнне гімназій, з’яўленне агракласаў і аднаўленне працоўнага навучання ў старэйшых класах. Паехалі. Тэстуем.

Было б цікава пратэставаць стабільны даход на працягу пэўнага часу ў пэўнай краіне.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ