Бізнес-саюзы працягнуць дыялог з уладамі
Прадпрымальніцкія аб’яднанні маюць намер працягнуць дыялог з урадам па пытаннях рэфармавання фіскальнай сістэмы, паведаміла БелаПАН дырэктарка, сустаршыня праўлення Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага Жанна Тарасевіч.
„Мы рыхтуем прапановы ў Мінфін і МПЗ і там звяртаем увагу, што мэтазгодна захаваць працоўную групу, якая у 2018 годзе выпрацоўвала змены ў Падатковы кодэкс”, — сказала Тарасевіч.
Яна паведаміла, што на мінулым тыдні прадстаўнікі бізнес-саюзаў сустракаліся з нядаўна прызначаным першым віцэ-прэм’ерам Аляксандрам Турчыным, які ўзначальвае Савет па развіцці прадпрымальніцтва.
„Падчас гэтай сустрэчы мы звярталі ўвагу, што акрамя пытанняў падатковага адміністравання трэба абмяркоўваць тэму падатковага цяжару, непадатковых абавязковых адлічэнняў, памеру узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Пералічаныя фіскальныя выманні з’яўляюцца значнымі і маюць патрэбу ў карэктаванні”, — падкрэсліла Тарасевіч.
Паводле яе слоў, падчас сустрэчы першы віцэ-прэм’ер адзначыў, што ўзаемадзеянне паміж бізнесам і дзяржавай, якое ажыццяўлялася падчас падрыхтоўкі новай рэдакцыі Падатковага кодэкса, неабходна працягваць.
„Мы чакаем, што дыялог аб рэфармаванні сістэмы, якая прадугледжвае розныя фіскальныя канфіскацыі, атрымае працяг”, — адзначыла дырэктар бізнес-саюза.
Яна таксама паведаміла, што праект новай рэдакцыі Падатковага кодэкса бізнес-саюзы маюць намер узгадніць з заўвагамі і накіраваць іх на гэтым тыдні ў органы дзяржкіравання.
„Мы завяршаем падрыхтоўку прапаноў па тых пытаннях праекта новай рэдакцыі Падатковага кодэкса, якія хвалююць бізнес у найбольшай ступені. Да такіх адносяцца тэмы ўвядзення новай абавязковай справаздачнасці аб даходах грамадзян, трансфертнага цэнаўтварэння, памеру ставак маёмасных падаткаў”, — расказала карэспандэнту БелаПАН Тарасевіч.
Да 1 верасня праект новай рэдакцыі Падатковага кодэкса ўрад павінен быў накіраваць на разгляд кіраўніка дзяржавы. Дакумент Аляксандр Лукашэнка даручыў падрыхтаваць у снежні мінулага года падчас сустрэчы з прадстаўнікамі дзелавых колаў.
„Падатковы кодэкс павінен быць простым і зразумелым. Але галоўнае — здольным падтрымліваць эканамічную дзейнасць, а не прымушаць суб’екты гаспадарання шукаць шчыліны для сыходу ад фінансавых і падатковых абавязацельстваў”, — адзначыў Лукашэнка.
Пры гэтым ён даручыў не дапусціць скарачэння паступленняў у бюджэт з-за перапрацоўкі Падатковага кодэкса. „Патрабаванне адно: скарачэння даходаў бюджэту быць не павінна. Скарачайце кодэкс, як хочаце, але каб быў прырост падаткаў у бюджэт”, — падкрэсліў Лукашэнка.
Фота people.onliner.by