Берасцейцы дамагаюцца дазволу на пратэст



Нягледзячы на адмовы гарвыканкама на правядзенне масавых мерапрыемстваў, праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем зноў спрабуюць дамагчыся дазволу.

Пра гэта паведаміў праваабаронца Раман Кісляк, які юрыдычна дапамагае актывістам:

– На жаль нам забараняюць масавыя мерапрыемствы. Раней улады арганізоўвалі кожны раз нейкія новыя, напрыклад “бяздомныя жывёлы” ды іншыя. Цяпер яны зразумелі, што гэта глупа выглядае, таму на пляцоўцы ў Парку воінаў-інтэрнацыяналістаў яны арганізавалі рамонт. Таму звяртаемся з заяўкамі на правядзенне мітынгу на плошчы Свабоды.

За апошні час было пададзена прынамсі 8 заявак ад праціўнікаў будаўніцтва на правядзенне мітынгаў. Ніводную з іх гарвыканкам не ўхваліў. Адзіны мітынг, які быў дазволены, прайшоў вясной у Парку воінаў-інтэрнацыяналістаў на ўскрайку горада і сабраў тады каля 3000 чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце