Прафсаюз РЭП дапамагае асуджаным актывістам



Прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасці дапамагае абскарджваць рашэнні раённых судоў Менска актывістам, якіх асудзілі за акцыю салідарнасці з лідарамі прафсаюза 24 жніўня каля Дома правасуддзя. Прававую дапамогу актывістам аказвае прававы інспектар прафсаюза РЭП Леанід Судаленка. Ён лічыць гэтыя справы перспектыўнымі з пункту гледжання разгляду ў Камітэце ААН па правах чалавека, так як улада фактычна пераследуе грамадзян за выказванне меркавання з выкарыстаннем мірнага сходу.

11 чалавек да мяне звярнулася. 7 чалавекам я падрыхтаваў скаргі. Вольга Нікалайчык, напрыклад, праз «Вясну» гэта робіць. Гэта 8 чалавек. Яшчэ тры, сярод якіх Мікалай Статкевіч, не звяртаюцца. Я ж таксама не магу ведаць, жадае Статкевіч абскарджваць ці не. Мы сказалі, што дапаможам усім, хто звернецца непасрэдна ў прафсаюз. Мы сказалі – і зрабілі.

Адзінаццаць актывістаў з розных гарадоў за праяву салідарнасці з прафсаюзам РЭП былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў, а некаторыя таксама – за дробнае хуліганства. Усіх аштрафавалі на буйныя сумы ў памеры ад 20 да 50 базавых велічыняў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя