Лідары прафсаюза РЭП падалі скаргі на прысуд



У панядзелак, 3 верасня, лідары незалежнага прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік падалі апеляцыйныя скаргі на прысуд ад 24 жніўня 2018 г., якім іх прызналі вінаватымі па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры).

Суд Савецкага раёна асудзіў кіраўнікоў прафсаюза РЭП на 4 гады абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу з забаронай займаць кіруючыя пасады тэрмінам на 5 год.

“Лічым, што суд легалізаваў невядомую электронную скрыню, тым самым зрабіў прэцэдэнт, якога яшчэ не было ў Беларусі. Штучныя, так званыя, “доказы” супярэчаць не толькі заканадаўству Рэспублікі Беларусь, але і міжнароднаму заканадаўству. Таму ў скарзе мы просім спыніць гэтую крымінальную справу,” – каментуе “Вясне” сітуацыю Генадзь Фядыніч.

Праваабарончая супольнасць Беларусі таксама заклікае ўладу перагледзець прысуд і спыніць крымінальны пераслед Фядыніча і Комліка.

З заявамі аб неабходнасці адмены абвінаваўчага прысуда Фядынічу і Комліку выступаюць і міжнародныя арганізацыі. Так, Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў лічыць, што дадзеныя дзеянні ўладаў парушаюць міжнародныя абавязацельствы Беларусі ў галіне правоў чалавека і сваю ўласную Канстытуцыю, і таму абвінаваўчы прысуд павінен быць адменены ў выніку апеляцыі.

На думку міжнароднай праваабарончай арганізацыі Front Line Defenders пераслед прафсаюзных лідараў звязаны выключна з іх мірнай і законнай працай ў галіне абароны правоў чалавека. Таму ўлады Беларусі павінны неадкладна адмяніць прысуды супраць кіраўнікоў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка і цалкам аднавіць іх свабоду.

З патрабаваннем адмяніць пакаранне лідарам незалежнага прафсаюзу РЭП звярнуліся да кіраўніка Беларусі Глабальны саюз IndustriALL і Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў (МКП).

spring96.org