Ігар Случак: Нават малымі сіламі можна многага дасягнуць



У Гародні сваім вопытам абароны моўных правоў, а таксама шляхамі пашырэння абсягу беларускай мовы ў жыцці беларусаў падзяліўся моўны інспектар Ігар Случак. Ён ужо некалькі гадоў праводзіць актыўнае ліставанне з рознымі дзяржаўнымі ўстановамі, каб тыя, згодна з заканадаўствам, выкарыстоўвалі беларускую мову адпаведна яе дзяржаўнаму статусу.

Ігар Случак згодны, што колькасць актыўных грамадзянаў, якія бароняць правы сваёй мовы, вельмі малая. Але нават малымі сіламі можна шмат чаго дасягнуць, мяркуе Ігар Случак:

Я гляджу, што з кожным годам актыўных людзей з’яўляецца крыху больш. Але, сапраўды, людзей няшмат. І якраз мая задача – паказаць іншым людзям, каб яны ўбачылі механізмы, як можна бараніць свае правы, як можна пашыраць беларускую мову. Я не стаўлю за мэту рабіць усё самому, бо я таксама чалавек і ўсяго ахапіць не магу. Мне хацелася б проста навучыць людзей, як гэта рабіць самім, як пашыраць беларускую мову.

Намаганнямі моўных інспектараў арганізавана петыцыя па ўсёй краіне за тое, каб беларуская мова зявілася на этыкетках. Пра яе кажа Аліна Нагорная – паліттэхнолаг, прадстаўніца курсаў „Мова нанова”.

– Нашае і вышэйшае заканадаўства патрабуе абавязковай расейскай мовы, магчыма/ці/або – беларуская мова. Па-першае, гэта дыскрымінацыя. Па-другое, гэта парушэнне некаторых заканадаўчых актаў. І зараз мы прапануем канкрэтныя змены ў канкрэтны закон «Аб абароне правоў спажыўцоў», каб інфармацыя даводзілася абавязковым чынам на беларускай і расейскай мовах. І калі нашыя прапановы будуць прынятыя, то беларускай мовы візуальна будзе ў шмат разоў больш і мы адчуем сябе ў Беларусі. Таму гэтая петыцыя вельмі важная. Зараз там ужо 1328 подпісаў.

Стваральнікі петыцыі заклікаюць да яе далучацца сваімі подпісамі. Спасылку на петыцыю карыстальнікі інтэрнэту змогуць знайсці на старонках „Мова нанова” ў Фэйсбуку і Укантакце.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара