Павел Севярынец асуджаны на 10 сутак арышту (абноўлена)
Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец пакараны 10-сутачным арыштам за заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Такое рашэнне 6 верасня прыняў суддзя Менскага раённага суда Аляксей Крапачоў.
Севярынец прызнаны вінаватым на падставе ч. 3 арт. 23.34 КоАП (паўторнае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Суд палічыў правапарушэннем той факт, што палітык заклікаў людзей удзельнічаць у не дазволенай уладамі акцыі 9 верасня ў Курапатах.
Пасля адміністрацыйнага працэсу супраць Севярынца адзін з грамадскіх актывістаў паведаміў БелаПАН, што „сход абаронцаў Курапатаў 9 верасня адбудзецца ў любым выпадку”. Паводле слоў суразмоўцы, за арганізацыю мерапрыемства замест арыштаванага палітыка „будзе адказваць іншы чалавек”.
Раней Севярынец заявіў, што 9 верасня будзе „вельмі важным днём у справе абароны Курапатаў”. „У гэты дзень будзе праведзенае своеасаблівае выпрабаванне, у якім фармаце пратэставаць супраць працы рэстарана. Мы збіраемся правесці ля рэстарана сход, дзе выступяць лідары партый і рухаў, абаронцы Курапатаў. Будзем таксама збіраць подпісы для паўторных зваротаў у дзяржаўныя органы”, — сказаў ён.
* * *
Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД) Павел Севярынец знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання УУС Менскага раёна. Пра гэта БелаПАН паведаміла яго жонка Вольга Севярынец.
Паводле яе слоў, хутчэй за ўсё, палітык быў затрыманы па адміністрацыйнай справе аб удзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Севярынец таксама паведаміла, што суд над Паўлам адбудзецца 6 верасня ў судзе Менскага раёна. Час пасяджэння пакуль невядомы.
Як паведамляў раней БелаПАН сам Севярынец, 5 верасня каля 14.00 да яго падышлі супрацоўнікі міліцыі. „На ўваходзе ў Курапаты мяне ўзялі „пад белыя ручкі” і павезлі на нейкую размову з начальствам”, — расказаў палітык.
Яго адвезлі ў Бараўлянскі аддзел міліцыі УУС Менаблвыканкама, дзе ён прабыў каля пяці гадзін.
Севярынец з’яўляецца адным з арганізатараў акцый пратэсту супраць працы рэстарана „Паедзем паядзім”, якія з 31 мая штодня праводзяцца каля ўваходу на тэрыторыю ўстановы.