Фестываль кароткаметражных фільмаў „ŻubrOFFka”
Дзявяты раз Міжнародны фестываль кароткаметражных фільмаў „ŻubrOFFka” прайшоў у Беластоку.
Пяць дзён, насычаных цікавымі здарэннямі, майстар-класамі, канцэртамі, выставамі, сустрэчамі з рэжысёрамі, дыскусіямі.
І, канечне, 108 фільмаў з ўсяго свету.
Шэсць конкурсаў, у тым ліку – катэгорыя «кіно для наймалодшых», дзе у якасці журы выступалі самі дзеці, і катэгорыя «Вакно на Усход».
Кажа адзін з чальцоў журы Пшэмыслаў Адамскі:
– «Вакно на Усход» – гэта абсалютна ўнікальная катэгорыя, і гэта вельмі на карысць фільмам, гэта прыцягвае, як культурны магніт, і нараджае вельмі добрыя эмоцыі. Гэта вельмі добры сет.
Узнагароду ў катэгорыі «Вакно на Усход» атрымаў фільм грузінскага рэжысёра Дэа Кулумбегашвілі – Invisible Spaces. Спонсарам узнагароды выступіла нашае Беларускае Радыё Рацыя. Гран-пры-фестывалю атрымаў фільм грэцкага рэжысёра Канстанціна Котзамані – “Вашынгтонія”.
Мілана Вераснёва, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Пра фестываль кароткаметражных фільмаў „ŻubrOFFka” распавёў наш рэдакцыйны калега Радэк Дамброўскі, які цікавіцца дадзенай тэматыкай. 3 снежня адбылося ўрачыстае адкрыццё фестывалю, у межах якога пройдуць прагляды кіно, сустрэчы, дыскусіі і канцэрты.
Радэк Дамброўскі: Я на жаль не бачыў фільмаў, якія ў конкурсе, гэтага найбольш шкадую, але паглядзеў выставу, якую можна будзе наведаць і пасля фестывалю. Выстава Кубы Камінскага называецца „Szeptuchy”. Фатаграфіі былі зроблены на Падляшшы і ў Беларусі.
РР: Да якога будзе адкрыта выстава?
Радэк Дамброўскі: Яна ў кінатэатры „Forum” напрацягу месяца, да канца гэтага года можна будзе яе паглядзець.
РР: Гэта не толькі кінафестываль?
Радэк Дамброўскі: Не толькі, там шмат чаго – гэта спалучэнне жывой музыкі і нямых фільмаў. Учора музыку выконваў DJ Qbert з ЗША да кароткаметражных фільмаў Бастэра Кітана. Паколькі я гэтым музычным жанрам не вельмі цікаўлюся, але калі даведаўся, што DJ Qbert будзе, то прачытаў і ведаю, што гэта адзін з лепшых ды-джэяў, калі не самы лепшы ў свеце. Яму забараняюць выступаць у ды-джэйскіх конкурсах, бо ён заўжды займаў першыя месцы, таму выступае па-за конкурсам. Цікавым было тое, што ўпершыню сустракаў людзей, якія ніколі раней не бачыў нафестывалі „ŻubrOFFka”, на кінематаграфічных мерапрыемствах. Была поўная заля, яшчэ каля гадзіны людзі падыходзілі да сцэны, каб атрымаць аўтограф.
РР: Наша радыё ўзяло патранат над конкурсным блокам „Okno na wschód”. Што можна чакаць ад гэтага блока, якія краіны там прадстаўлены, якія тэмы?
Радэк Дамброўскі: Ведаю ад людзей, якія праводзілі адбор фільмаў, што гэта вельмі моцны блок сёлета. Некаторыя з іх спадзяюцца на перамогу, як раз у гэтай катэгорыі. Ёсць вельмі цікавыя грузінскія фільмы, вельмі цікавыя фільмы з Прыбалтыкі, з гэтых краінаў добрыя фільмы кожны год прыходзяць. Ёсць фільм з Беларусі, у мінулыі годзе было больш, а ў гэтым годзе толькі фільм Вольгі Дашук “Не адзін”. Трэба таксама сказаць, што высокі ўзровень прынамсі апошнія гады – гэта беларуская анімацыя. Арганізатарам вельмі залежала на тым, каб паказаць новую беларускую анімацыю. Падрабязная прагарама на сайце zubroffka.pl.
Я шкадую, што не патрапіў на гэтыя фільмы, але праграма фестывалю арганізаваная так, каб тыя, хто не змог паглядзець учора, змаглі паглядзець іх у іншыя дні. Дадатковыя паказы праходзяць у Беластоку ў „Camera Cafe”, было кіно „Pokój”.
РР: Як арганізатары дабіліся такога прафесіяналізму?
Радэк Дамброўскі: Цяжкай працай і заангажаваннем. Калектыў пашыраецца, я ведаю, што ў апошнія гады ён вырас, nрэба было заангажаваць людзей, якія прафесійна займаюцца гэтым. Гэтыя людзі працуюць пры іншых фестывалях, гэтыя сувязі таксама важныя, каб знаходзіць гэтых творцаў, дапамагаюць таксама шматлікія валанцёры.
РР: Усё выйшла з нефармальнай групы, якая называлася „Filmowe Podlasie”.
Радэк Дамброўскі: Наколькі я памятаю, першая „ŻubrOFFka” праходзіла ў кавярні „Fama” у Беластоку. Я быў на гэтым фестывалі, гэты фестываль пачынала дзве асобы, якія працавалі ў кінематаграфічным аддзеле Беластоцкага асяродка культуры. Калі нехта вельмі нечым цікавіцца, любіць, яму сапраўды залежыць, то вядома гэта вырасце.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя