Берасцейцы стварылі гукавую мапу Беларусі



На гукавой мапе Беларусі, якую стварылі берасцейцы, націснуўшы на адпаведны населены пункт, можна паслухаць гаворку на мясцовым дыялекце. „Мапа прадстаўлена ў асноўным гаворкамі з Берасцейшчыны, але дадаваць гукі можна па ўсёй краіне і памежных тэрыторыях”, – паведамляюць стваральнікі.

Падрабязней кажа суаўтар праекта, журналістка Іна Хоміч:

Мы не ўкладалі сюды асабліва грошай. Якраз праца на Беларускім Радыё Рацыя мне вельмі дапамагала, бо я ездзіла запісваць тыя ж «Краязнаўчыя кропкі», і для мяне заўсёды было важна запісваць людзей на дыялектах, мясцовых людзей. З часам архіў назапашваўся і назапашваўся. У тым ліку з-за гэтай працы і паўстала аднойчы пытанне, што трэба нешта цікавае з гэтым рабіць, а не проста назапашваць у сябе на камп’ютары.

Паглядзець і паслухаць гукавую мапу Беларусі можна на старонцы dialects.natatnik.by. Там жа можна даведацца і пра правілы дадавання новых гаворак, і пра сам праект, і пра яго аўтараў. „Літаральна на наступны дзень пасля прэзентацыі мапы да нас ужо даслалі гаворку жыхары Падляшша”, – зазначыла Іна Хоміч.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце