Намеснік міністра замежных спраў Краўчанка наведае Польшчу



Намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка 11—14 верасня наведае Польшчу, паведаміў прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз 6 верасня на брыфінгу ў Менску.

Краўчанка ўзначаліць беларускую дэлегацыю, якая возьме ўдзел у беларуска-польскіх кансультацыях паміж знешнепалітычнымі ўстановамі дзвюх краін.

„У парадку дня кансультацый абмеркаванне актуальных спраў узаемадзеяння Беларусі і Польшчы па пытаннях палітычных адносін, гандлю і інвестыцый, супрацоўніцтва ў галіне культуры, консульскія пытанні, справы развіцця дагаворна-прававой базы, узаемадзеяння ў гісторыка-мемарыяльнай галіне і іншыя пытанні”, — паведаміў Глаз.

Падчас знаходжання ў Варшаве Краўчанка наведае нацыянальны архіў новых актаў, дзе абмяркуе пытанні арганізацыі сумесных мерапрыемстваў з удзелам беларускіх архіваў, магчымасці наладжвання абмену інфармацыяй паміж беларускімі і польскімі гісторыкамі і даследчыкамі.

13 верасня Краўчанка правядзе сустрэчу з польскімі палітолагамі і прадстаўнікамі навуковай і аналітычнай супольнасцяў і так званых фабрык думкі на базе Польскага інстытута міжнародных спраў, падчас якой абмяркуе пытанні ролі і месца Беларусі ў сучаснай геапалітычнай сістэме каардынат.

У гэты ж дзень Краўчанка сустрэнецца з кіраўніцтвам Варшаўскай біржы каштоўных папер для абмеркавання магчымасцяў выкарыстання беларускімі прадпрыемствамі польскага капіталу і прадуктаў польскіх фінансавых інстытутаў.

Запланаваная таксама сустрэча з удзельнікамі групы сяброўства з Беларуссю ў польскім парламенце.

belapan.by