Рассельгаснагляд можа забараніць пастаўку ўсёй беларускай прадукцыі са свініны 



Рассельгаснагляд гатовы ўвесці абмежаванні на пастаўку ўсёй беларускай мясной прадукцыі са свініны.

„У сувязі з тым, што паўтараюцца выпадкі выяўлення ДНК віруса афрыканскай чумы свіней у гатовых мясных вырабах, Рассельгаснагляд пакідае за сабой права ўвесці абмежаванні на ўсю гатовую мясную прадукцыю з утрыманнем свініны, якая паступае ў Расійскую Федэрацыю з Рэспублікі Беларусь”, — гаворыцца ў паведамленні расійскага ведамства ад 6 верасня.

Так, Рассельгаснагляд выявіў у гатовых мясных вырабах, якія паступілі з ААТ „Гродзенскі мясакамбінат”, ДНК віруса афрыканскай чумы свіней. „Улічваючы гэты факт, прынята рашэнне з 7 верасня 2018 года ўвесці часовыя абмежаванні на пастаўкі прадукцыі Гродзенскага мясакамбіната ў Расійскую Федэрацыю”, — адзначае Рассельгаснагляд.

У ведамстве нагадалі, што ўведзеныя раней часовыя абмежаванні на пастаўкі прадукцыі Гродзенскага мясакамбіната былі адмененыя з 16 ліпеня пад гарантыі дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарча з мэтай выканання „дарожнай карты” двухбаковага супрацоўніцтва.

„Дарожную карту” супрацоўніцтва па працэдуры зняцця ўзаемных абмежавальных мер па пастаўках прадукцыі ў 2018 годзе падпісалі 13 ліпеня ў Бранску кіраўнік Рассельгаснагляда Сяргей Данкверт і намеснік міністра — дырэктар дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Іван Смільгінь.

Згодна з дакументам, былі знятыя абмежаванні на пастаўкі свініны, прадукцыі свінагадоўлі (свіныя субпрадукты, свіныя паўфабрыкаты (у тым ліку мяса свіное блокавае і інш.) і прадукцыі са свініны або з утрыманнем свініны, якая не мела тэрмічнай апрацоўкі, вытворчасці прадпрыемстваў ТАА „Вялес-Міт” і ААТ „Гродзенскі мясакамбінат”. Гэтая мера была таксама прынятая з умовай выкарыстання правераных пастаўшчыкоў жывёлы, ажыццяўлення лабараторнага маніторынгу на вірус АЧС жывёл з гэтых прадпрыемстваў пад кантролем беларускай Дзяржветслужбы і своечасовага падавання ў Рассельгаснагляд пратаколаў даследаванняў гатовай мясной прадукцыі на выяўленне геному АЧС.

Рассельгаснагляд таксама паведаміў, што 6 верасня ў Маскве адбудуцца перамовы Данкверта і Смільгіня. На сустрэчы плануецца абмеркаваць прычыны разыходжання даных, якiя ўтрымлiваюцца ў расійскай сістэме „Аргус”, і даных, пададзеных дэпартаментам ветэрынарнага і харчовага нагляду, аб аб’ёмах пастаўлянай у Расію малочнай прадукцыі.

belapan.by