Квіткі на „Саламею”
Сяброўка запрасіла мяне ў менскую оперу – на „Саламею”.
Я падрыхтавала цёмна-сінюю сукенку.
Змест „Саламеі” ведала здаўна, дома ў нас была букіністычна кніга Оскара Уальда – пачатак 20-га стагоддзя. На вокладцы – Саламея ў танцы. Малюнак у стылі мадэрн.
Кніга была набытая ў 70-ыя гады ў адной з букіністычных кнігарняў Гомеля.
6 верасня даведваюся – па просьбах праваслаўных прэм’еру оперы забараняюць.
Дакладней пераносяць на 19 кастрычніка.
Пыанняў больш, чым адказаў.
Праваслаўных вернікаў заганялі гвалтам на оперу? Прымушалі ісці ў тэатр?
У нас праваслаўная краіна і няма іншых канфесій?
Чаму мы, жывучы ў свецкай дзяржаве павінны падпарадкоўвацца папам?
Праваслаўныя святары могуць рэкамендаваць сваім вернікам не наведваць спектакль, і ўсё.
Рэкамендаваць – не забараняць.
Рэкамендацыі праваслаўнай царквы – для сваіх прыхаджан.
А самае брыдкае, сцэнар забароны зроблены цалкам па расейскіх лекалах.
Такія забароны – гэта практыка Расеі апошніх гадоў.
І я так і не разумею – ці пабачу я оперу, на якую мы з сяброўкай маем квіткі.
Чаму пачуцці веруючых не закранае статуя Леніна пасярэдзіне Менска?
Гэта ж Сатана ва плоці.
Патрыярх Ціхан абвясціў анафему бальшавікам і назваў Леніна Сатаной.
А яму кветкі нясуць, парады праводзяць. І праваслаўныя маўчаць.