Першую партыю паліва на АЭС прывязуць да канца года



Першую партыю ядзернага паліва на Беларускую АЭС для першага энергаблока прывязуць да канца года, інфармуе БЕЛТА.

Яно вырабляецца ў расейскім горадзе Навасібірску на заводзе хімканцэнтратаў. Першая партыя будзе гатовая да канца верасня. Транспартавацца ў Беларусь груз будзе ў спецыяльных кантэйнерах па чыгунцы пад аховай.

У рэактар АЭС змесцяць 163 паліўныя касеты (яшчэ 17 будуць рэзервовымі), кожная з іх важыць больш за 700 кг. Адбудзецца гэта ўжо ў наступным годзе.

Як вядома, першы энергаблок увядуць у эксплуатацыю ў 2019-м, другі — у 2020 годзе.

Да дастаўкі ядзернага паліва камісія Дзяржатамнагляду ацаніць гатоўнасць для гэтага Астравецкай АЭС. Яна пачне працу ў канцы верасня, а ў кастрычніку прыедзе інспекцыя МАГАТЭ.