Суседзі па доме і свеце



Жыццё ў вёсцы мае свае плюсы і мінусы. І свой смак. Смак калодзежнай вады і антонавак, напрыклад. І калі з яблыкамі ў гэтым годзе няма ніякіх пытанняў, бо ўраджай, на дзіва, добры, то да якасці вясковай пітной вады даўно маюцца пытанні.

Нітраты – паўсюль… І, на жаль (ці на шчасце?), яны не маюць ні смаку, ні паху. Іх немагчыма распазнаць і зберагчы здароўе. Санітарная служба не можа прымусіць мясцовых жыхароў адмовіцца ад калодзежнай вады, хоць у пробах нітраты і выяўляюцца. Тым болей – дзе альтэрнатыва? Вясковы вадавод (нават калі ён маецца!) пакідае жадаць лепшага ў плане смакаў, колераў, адчуванняў…

Да суседства са студняй, калодзежам вяскоўцы звыклі. Прыцярпеліся. Цяжэй прымаць іншае незвычайнае суседства – серпентарый! Экзотыка для нашых шыротаў, праўда?

Tut.by распавядае пра маладых людзей, якія пераехалі з горада ў вёску на Пружаншчыне. Гісторыя вядомая – даўншыфтэры! Фішка ў тым, што маладыя людзі ратуюць змей. Гэта такі сабе пратэст супраць знішчэння трапічных лясоў Мадагаскара ці В’етнама… І бізнес, бо змей вырошчваюць не толькі з экалагічных перакананняў, але і на продаж. Маюць 100 асобінаў на дадзены момант. Неатрутных.

І ўсё ж суседзям цяжка было гэта растлумаць. Тут вужака прыпаўзе да ганку – ужо стрэс, але стрэс знаёмы… А калі зялёны полаз – зусім іншая гісторыя! І пакуль пачытаеш дзесьці там, у сеціве, што ён бяспечны, то ўсе нервы згараць. Таму маладым людзям з іх серпентарыем зладзілі байкот і аб’явілі вайну. Праз нейкі час яна стала халоднай… Што будзе далей – пакажа час.

Міжволі думаеш пра тое, што традыцыі падаюцца нам дадатнай з’явай, а экзотыка – чымсьці негатыўным. Ілюзія? Падман пачуццяў?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ