Ці знізяцца цэны на курынае мяса?
Эканаміст Леў Марголін патлумачыў, чаму сітуацыя з ростам цэнаў на курынае мяса справакавала падвышэнне цэнаў на ўсю мясную прадукцыю.
Намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Іван Вежнавец паведаміў, што мясная прадукцыя ў гэтым годзе падаражэла менавіта з-за росту цэнаў на мяса птушкі.
Антыманапольнае расследаванне з гэтай нагоды працягваецца, але яго вынікі чыноўнікі пакуль не агучваюць.
Леў Марголін: Падвышэнне цэн на мяса птушкі і ўсю мясную прадукцыю, безумоўна, узаемазвязаны, бо, калі амаль на 25 адсоткаў даражэюць куры, то і прадаўцы той жа свініны абавязкова падымаюць кошты, бо гэтыя прадукты не могуць каштаваць практычна аднолькава. Іншае пытанне: чаму і на самой справе ў Беларусі падаражэла курынае мяса? Ніякіх асаблівых аб’ектыўных прычын унутры краіны для гэтага не было. Хаця ў свеце і праўда з’явіліся новыя рынкі збыту мяса птушкі і падвысіўся попыт на гэтую прадукцыю.
РР: Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю працягвае расследаванне. Ці магчыма, што цэны на мяса птушкі будуць зніжаны?
Леў Марголін: Я лічу, што гэтае ведамства наогул не павінна займацца такімі расследаваннямі, бо вытворчасць мяса птушкі настолькі дыверсіфікавана і столькі вытворцаў гэтага мяса, што казаць пра нейкую манапольную змову не даводзіцца. Іншая справа, што ў нас дзяржава кіруе ўсім, і калі дадзены загад знізіць цэны на курынае мяса, то іх знізяць. Праўда, гэта можа прывесці да дэфіцыту тавара. Ніхто не будзе прадаваць сваю прадукцыю вельмі танна, калі ёсць магчымасць прадаць даражэй.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя