Небяспечныя гульні „ўтрыманкі” і „папіка”?
У расейскіх сродках масавай інфармацыі ўсё часцей з’яўляюцца матэрыялы пра незадаволенасць Крамля кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.
У публікацыях гаворыцца, што кіраўніцтва Расеі вырашыла не падтрымліваць яго больш, у тым ліку на прэзідэнцкіх выбарах. Што Расея пачынае паглынаць Беларусь. Па меркаванні аднаго з лідараў Руху салідарнасці „Разам” Вячасава Сіўчынка, гэтая інфармацыйная кампанія з’яўляецца часткай гібрыднай, прапагандысцкай вайны, якую Расея вядзе, у тым ліку, і супраць Беларусі.
Вячаслаў Сіўчык: Натуральна, пры сённяшніх рэсурсах і магчымасцях Расея проста так акупаваць Беларусь не можа. Гэта нашмат складаней, чым ім гэта здаецца.
Канешне, вельмі кепска, што апошнія 25 гадоў Аляксандр Лукашэнка „выжыгаў” тут усё беларускае. Але ж гэта ўсё-роўна Беларусь, а зусім не Расея.
Як і „кабак на касцях” у Курапатах, як яго называюць у народзе, як і прызначэнне новага пасла Расейскай Федэрацыі Бабіча, як яшчэ шэраг прапагандовых рэчаў, якія адбываліся ў апошні час, – гэта ўсё паказвае, што Расея сёння ў выглядзе Пуціна – агрэсіўная дзяржава, якая проста правярае зараз свае магчымасці, імітуючы атаку на Беларусь. Але ж яна можа адбыцца ў любы момант і ў яе прадухіленні шмат што залежыць ад людзей. Небяспека вельмі вялікая, калі ўлічваць, што Расея на нашых вачах развязала шмат войнаў, пачынаючы з тых, якія вяліся яшчэ ў Прыднястроўі, у іншых рэгіёнах, яшчэ па савецкай спадчыне. Ну, і натуральна, заканчваючы 2008 годам, – агрэсіяй супраць Грузіі і 2014 годам, – агрэсіяй супраць Украіны. Яшчэ ў дзевяностыя гады ўсе разумелі, што расейскі імперыялізм ёсць абсалютная рэальнасць. І наколькі зараз ён далёка пойдзе ў адносінах Беларусі, залежыць толькі ад саміх беларусаў. Не ад Лукашэнкі, не ад нейкіх палітыкаў, а менавіта ад самога беларускага грамадства. Таму што насамрэч, магчымасцяў адбіцца ад расейскай агрэсіі ў Беларусі хапае. Перашкаджае проста татальнае нявер’е беларусаў у свае ўласныя сілы.
Кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі „Народная грамада” Мікалай Статкевіч разглядае пагрозлівыя публікацыі ў расейскіх СМІ трохі па-іншаму:
– Прычына банальная – грошы. Бо беларускаму рэжыму на ўтрыманне амаль 200 тысяч праваахоўнікаў, – параўнайце з 38 тысячамі вайскоўцаў у пагонах, і зразумела, хто галоўны вораг для гэтага рэжыму… Так вось, для ўтрымання гэтых амаль 200 тысяч „сілавікоў”, так званых праваахоўнікаў, трэба грошы. Гэтак жа, як для падтрымання калгаснай мадэлі эканомікі, якая неэфектыўная эканамічна, але дазваляе 70 адсоткаў, ці нават 80 працуючых, кантраляваць. І гэта ўсё з-за грошай. Гэтак жа, як раней Лукашэнка ўчыняў усялякія дэмаршы напярэдадні сустрэч з Пуціным, каб атрымаць больш грошай, так зараз такая ж сітуацыя ідзе з двух бакоў, таму што ў Расеі стала менш грошай. Гэта ўсё нагадвае лаянкі „ўтрыманкі” і „папіка”. У „папіка” стала менш грошай, а „утрыманцы” грошы вельмі патрэбны. І вось яны пачынаюць нагнятаць перад тым, як сустрэцца і гандлявацца. „Утрыманка” пачынае намякаць, што нейкі Захад больш прапануе, ну, а „папік”, у сваю чаргу, пачынае пагражаць. Усё за грошы. Але нікуды яны адзін ад аднаго не дзенуцца. Таму што для Расеі больш ідэальнага кіраўніка, чым Лукашэнка, тут не будзе. Ну і гэтай „утрыманцы” хто яшчэ столькі дасць? Так што гаворка ідзе пра гандаль. Ну, і безумоўна, „папік” за меншыя грошы хоча больш паслуг. Магчыма, базу. Магчыма, каб нарэшце тое, што было запісана ў дамове аб саюзнай дзяржаве, было рэалізавана. А там ёсць і агульнае войска, агульная валюта, агульная мяжа, урад, парламент і прэзідэнт. Вось і лаюцца.
Былы дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі Людміла Гразнова лічыць, што пагроза паглынання Беларусі Расеяй ёсць:
– Справа ў тым, што ў Расеі вельмі нестабільная сітуацыя, эканоміка падае, санкцыі дзейнічаюць, расце незадаволенасць народу, электарату. І дзеля таго, каб яго задаволіць, патрэбны некаторыя перамогі. Як звычайна, – прырастанне тэрыторыяў. Другі фактар – расейскі алігархат таксма прагне ўкладання сваіх капіталаў у сур’ёзныя актывы, якія ёсць у Беларусі. Таму і з яго боку зацікаўленасць вялікая. Але гэта не значыць, што падобны захоп адбудзецца ўжо заўтра. І палітычны і эканамічны гандаль ідзе ўвесь час. І галоўным фактарам, які стрымлівае актыўнае паглынанне Беларусі, з’яўляецца толькі прэзідэнт краіны. На жаль. Таму што гэта адзіны інстытут – прэзідэнцкая вертыкаль, які адбудаваны. За час незалежнасці можна было б выбудаваць іншыя інстытуты. Найперш уласны бізнес, які ўжо павінен быў мець свае моцныя актывы. Гэта дэмакратычныя інстытуты ў выглядзе, напрыклад, дзейснага парламенту. І тады б было нашмат прасцей. Але пакуль мы маем тое, што маем.
Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота globallookpress.com