Беларусы з пачатку года здалі на 1,4 млрд даляраў больш, чым купілі



Па выніках жніўня 2018 года ў Беларусі захавалася тэндэнцыя чыстага продажу фізічнымі асобамі наяўнай замежнай валюты. Насельніцтва застаецца чыстым прадаўцом больш за 30 месяцаў запар, сведчаць дадзеныя Нацыянальнага банка.

За студзень—жнівень насельніцтва прадало банкам наяўнай замежнай валюты на 5 млрд 159,8 млн даляраў у эквіваленце, а купіла ў банкаўскіх установах — 3 млрд 755,6 млн даляраў. Такім чынам, чысты продаж наяўнай замежнай валюты фізічнымі асобамі склаў 1 млрд 404,2 млн даляраў.

З улікам безнаяўнай валюты чысты продаж валюты насельніцтвам быў крыху меншы — 1 млрд 75,5 млн даляраў у эквіваленце. У студзені—жніўні фізічныя асобы прадалі наяўнай і безнаяўнай валюты на 6 млрд 150,1 млн даляраў у эквіваленце, купілі — 5 млрд 74,6 млн даляраў.

Насельніцтва выступае чыстым прадаўцом замежнай валюты з пачатку 2016 года. Эканамісты тлумачаць гэта тым, што за кошт раней назапашаных зберажэнняў людзі імкнуцца падтрымліваць спажыванне на больш высокім узроўні, чым можна разлічваць з улікам бягучых даходаў.

Разам з тым у сувязі з апераджальным ростам попыту на замежную валюту у 2018 годзе насельніцтва знізіла чысты продаж замежнай валюты. Беларускія эканамісты тлумачаць павелічэнне попыту фізічных асоб на замежную валюту ў гэтым годзе ростам даходаў насельніцтва.

Так, напрыклад, за восем месяцаў 2017 года чысты продаж валюты насельніцтвам склаў каля 1,4 млрд даляраў у эквіваленце (з улікам наяўнай і безнаяўнай валюты). Гэта значыць сальда на карысць банкаў было прыкладна на 300 млн даляраў большым, чым па выніках васьмі месяцаў гэтага года.

belapan.by