З’езд БСДГ прайшоў без старшыні



У Менску адбылася першая сесія VII-га з’езду Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады. Выбары кіраўніцтва партыі – яе старшыні і намеснікаў перанесеныя на наступную сесію з’езда.

Па словах Сяргея Чэрачэня, намесніка старшыні БСДГ, гэта зроблена з-за хваробы кіраўніка партыі Станіслава Шушкевіча, які як-раз напярэдадні з’езду трапіў у шпіталь:

– Мы правялі першую сесію, у нас форс-мажорная сітуацыя – Станіслаў Станіслававіч на жаль сёння з намі не прысутнічае, ён зараз у кардыялогіі, ідзе на папраўку. Наступная сесія будзе пасля выздараўлення Станіслава Станіслававіча, калі яму стане лепш і ён зможа прысутнічаць на другой сесіі. Мы афіцыйна аб’явім пра правядзенне – канкрэтную дату. Усё, што мы хацелі абмеркаваць сёння, мы ўсё зрабілі.

Паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч Сяргей Законнікаў знаходзіцца ў партыі з дня яе заснавання:

– Я ўдзельнічаў у яе заснаванні разам з Міхасём Аляксандравічам Ткачовым незабыўным. Для мяне вельмі важна існаванне такой партыі сацыял-дэмакратычнай на тэрыторыі нашай краіны. Прыйшоў я сюды з тым, каб гэтая партыя ўсё ж такі ажывіла сваю дзейнасць. Каб яна стала больш актыўнай у плане палітычнага асветніцтва. У нашым грамадстве вялікая бяда – у нас вельмі нізкая палітычная культура ў людзей. І таму любая партыя, і ў тым ліку сацыял-дэмакратычная, мусіць адукоўваць людзей, расказваць, паказваць як трэба змагацца за свае правы і за свае свабоды. Я хачу, каб наша партыя стала больш актыўнай і больш масавай.

На першай сесіі з’езда былі выбраны сябры цэнтральнай рады і цэнтральнай рэвізійнай камісіі партыі, а таксама прынята новая сімволіка БСДГ.

Сяргей Чэрачэнь, які з’яўляецца галоўным прэтэндэнтам на пасаду старшыні партыі (напярэдадні Станіслаў Шушкевіч заявіў пра жаданне сысці з пасады яе кіраўніка), прадставіў на з’ездзе амбіцыйную справаздачу, у якой распавёў пра асноўныя напрамкі дзейнасці партыі.

Сяргей Чэрачэнь распавёў пра  комплекс мер, якія дазволяць зрабіць яе актыўнай, эфектыўнай і вядомай у грамадстве.

Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:

 

Беларускае Радыё Рацыя, Менск