У Гародні збіраюць подпісы за наданне Дзядам статусу дзяржаўнага свята



У Гародні сабрана больш за 100 подпісаў за наданне Дню памяці продкаў Дзяды, якое адзначаецца 2-га лістапада, статусу  дзяржаўнага свята. Подпісы збіраюць актывісты па стварэнні партыі  „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”.

Пра тое, як ідзе збор подпісаў, распавядае кіраўнік гарадзенскай гарадской арганізацыі  Яўген Дудкін:

– У большасці нашыя падпісанты – гэта патрыёты, якія разумеюць, што Дзяды – гэта Дзень памяці памерлых. Гэта каталікі, гэта маладыя сем’і і людзі сталага веку, якія разумеюць, што Дзень кастрычніцкай рэвалюцыі не мае сёння ніякага значэння для грамадства. І адчуваюць, што сям’я – гэта важна, і таму трэба прыходзіць на Дзяды і ўзгадваць памяць продкаў.

На думку Яўген Дудкіна, такога свята, як Дзень кастрычніцкай рэвалюцыі, увогуле не павінна быць у спісе дзяржаўных святаў:

– Каб 2-га лістапада стаў у календары выходным замест 7 лістапада. Бо святкуюць яго камуністы і іх прыхільнікі. А згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, ніводная ідэалогія палітычных партый ці нават рэлігійных суполак не мае права быць абавязковай для ўсяго грамадства. Таму мы спасылаемся на артыкул 2 і 4 Канстытуцыі і ставім за мэту, каб Дзяды сталі абавязкова выходным днём.

Валанцёры па зборы подпісаў спадзяюцца, што цягам 2-х месяцаў па ўсёй краіне ўдасца сабраць некалькі тысяч подпісаў і перадаць іх кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку.  

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня