Суд адмовіў Ізраілевічу ў яго прэтэнзіях да „Новага Часу” і Дзяніса Івашына
Газета “Новы час” выйграла судовы працэс супраць бізнесоўца Аркадзя Ізраілевіча. Суд Савецкага раёну Менску не задаволіў іск бізнесоўца да газеты “Новы Час” і журналіста Дзяніса Івашына аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. З Ізраілевіча суд пастанавіў спагнаць судовыя выдаткі на карысць газеты і журналіста.
Прэтэнзіі да газеты з боку бізнесоўца ад пачатку здаваліся беспадстаўнымі і нацягнутымі, кажа галоўная рэдактарка газеты “Новы Час” Аксана Колб:
– Для мяне гэта было ў прынцыпе прадказальна. І я спадзявался, што ў дадзеным выпадку наш суд будзе справядлівы і будзе справядлівы вырак. Але хачу зараз зазначыць, што нягледзячы на судовае рашэнне, я дасюль гатовая прадаставіць Ізраілевічу магчымасць, каб ён выказаў сваю пазіцыю, выклаў свае дакументы, і хай людзі пачытаюць і зробяць свае высновы.
Шкада, што чалавек не зразумеў, што для ягонай рэпутацыі гэты працэс горшы, чым для нашай. Але ў яго яшчэ ёсць час сваю рэпутацыю хоць нейкім чынам абяліць.
Цягам усяго гэтага часу я думала пра тое, каб падаць заяву ў міліцыю на спадара Ізраілевіча за тое, што ён абвінаваціў “Новы Час”, а значыць і мяне, як галоўнага рэдактара, у антысемітызме. Але, па шчырасці, я не буду гэтага рабіць. Бо, па-першае, не хачу ізноў уздымаць гэтую тэму. Гэтая тэма небяспечная і балючая і для беларускага, і для габрэйскага народаў. А па-другое, я не ведаю, па чыёй замове і навошта наогул гэтая тэма ўздымалася.
Дзяніс Івашын, Гародня: Калі шчыра, то для мяне быў нечаканы вырак суда. Бо ў мяне няма ілюзій адносна судовай сістэмы Беларусі. І ўлічваючы ўсе рэпрэсіўныя прысуды нашым абаронцам у гэты момант. За акрэсцінскімі кратамі сядзяць і Павал Севярынец, і Максім Вінярскі. Сёння мы сустракалі Дзяніса Урбановіча, якога незаконна пакінулі да панядзелка. Я лічыў, што будзе рэпрэсіўны прысуд, асабліва на фоне “справы БелТА”. Але сёння мы пабачылі ўласнавоч, што цуды ўсё ж здараюцца. І гэта хоць невялічкая, але ўсё ж перамога. Цалкам магчыма яе не было б, каб не падтрымка нашай грамадзянскай супольнасці. І дзякуй вам вялікі за гэта! Гэта вельмі натхняе і матывуе на далейшую дзейнасць.
РР: Што Вы збіраецеся рабіць надалей?
Дзяніс Івашын: Будзем працягваць. Нашая галоўная задача – абараніць Курапаты. І вакол Курапатаў зараз мусяць кансалідавацца ўсе патрыятычна скіраваныя людзі, якія жывуць з Беларуссю ў сэрцы. Я карыстаюся момантам і заклікаю, каб актывісты і неабыякавыя людзі ўставалі на абарону Курапатаў, хто колькі можа – хоць гадзінку, хоць дзве, каб дапамагалі абаронцам Курапатаў. Курапаты зараз – сэрца Беларусі. І мы разумеем, наколькі зараз вакол Беларусі згушчаюцца чорныя хмары. І ад кожнага актывіста залежыць зараз будучыня нашай краіны.
Падставай да судовай справы супраць газеты “Новы Час” і журналіста Дзяніса Івашына стаў цыкл артыкулаў, прысвечаных сітуацыі вакол рэстарану “Поедем поедим”, збудаванага каля месца масавых расстрэлаў у Курапатах. На думку бізнесоўца Аркадзя Ізраілевіча, гэтыя публікацыі нанеслі страту ягонай дзелавой рэпутацыі, якую ён ацэньваў у 20 тысяч даляраў. Але суд ягоныя прэтэнзіі ў выніку прызнаў неабгрунтаванымі.
Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
***
У панядзелак, 10 верасня, у судзе Савецкага раёна г. Менска пачалося пасяджэнне па пазове бізнесоўца Аркадзя Ізраілевіча і аўтара артыкулаў пра будаўніцтва ў Курапатах рэстараннага комплексу “Поедем поедим” Дзяніса Івашына. Сутнасць прэтэнзіі: публікацыі ў газеце зняважылі ягоныя гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю, а таксама нанеслі бізнесоўцу “маральную шкоду”, якую ён ацаніў у 40 тысяч рублёў.
29 жніўня суддзя суда Савецкага раёна Вераніка Абрамовіч правяла папярэдняе судовае пасяджэнне, на якое сам бізнэсовец не з’явіўся. Пасля гадзіннага разбіральніцтва суддзя запатрабавала прадстаўніцу пазоўніка ўдакладніць зыск да „Новага часу”, а Ізраілевіча асабіста прысутнічаць на працэсе.
Судовы працэс пачаўся ў 14.30. Суддзя Вераніка Абрамовіч.
На гэты раз судовае паседжанне прызначылі ў залі, разлічанае на большую колькасць людзей, у адрозненні ад папярэдняга судовага паседжання. На фота галоўная рэдактарка “Новага часу” Аксана Колб і адвакат Арцём Калоша. Журналіст Дзяніс Івашын і юрыст БАЖа Алег Агееў, які прадстаўляе яго інтарэсы.
У панядзелак 10 верасня пазоўнік Аркадзь Ізраілевіч нарэшце з’явіўся на судзе. Але з ахоўнікам. Увогуле бізнэсовец Ізраілевіч прадпрымае ў адносінах да сябе „павышаныя меры бяспекі”. На дзяжурнае пытанні суддзі аб месцы пражывання ён адказаў: „Я не хацеў бы казаць, тут публіка такая, ненадзейная…”, піша „Новы час”, які вядзе тэкставую трансляцыю з залі суда.
Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч і яго прадстаўніца Алена Калазаева рыхтуюцца да суда.
Падтрымаць журналістаў „Новага часу” прыйшло больш за 20 чалавек. Сярод іх грамадскія актывісты,праваабаронцы, журналісты. У судзе прысутнічаюць абаронцы Курапатаў Леанід Кулакоў і Мая Навумава, Дзяніс Урбановіч, Вольга Нікалайчык ды іншыя. На фота Наталля Басалыга.
Журналіст „Новага часу”, былы палітвязень Мікола Дзядок.
Папярэдняе судовае паседжанне 29 жніўня. Прысутным не хапала месца. Некаторыя вымушаны былі стаяць увесь судовы працэс – цэлую гадзіну.
Адвакат Арцём Калоша, які абараняе інтарэсы „Новага часу” і галоўная рэдактарка Аксана Колб.