Лукашэнка: Па справе аб карупцыі ў ахове здароўя фігуруюць дзясяткі мільёнаў долараў



Па справе аб карупцыі ў сістэме аховы здароўя краіны амаль 100 чалавек трапілі пад следства, фігуруюць дзясяткі мільёнаў долараў злачынных сродкаў, заявіў Аляксандр Лукашэнка 11 верасня ў Менску на нарадзе па праблемных пытаннях у сістэме аховы здароўя і кадравых прызначэннях. Паводле яго слоў, актуальнасць сённяшняй нарады выклікана перш за ўсё неабходнасцю вырашэння праблем, якія назапасіліся ў медыцынскай сферы. „Іх маштаб такі, што ўжо нельга проста абмежавацца новымі прызначэннямі„, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

З мінулага года мне стала паступаць інфармацыя, што колькасць спраў карупцыйнага характару ў медыцыне рэзка ўзрасла — амаль у два разы. На жаль, факты карупцыі здараюцца ўсюды, але ў ахове здароўя праблема стала не кропкавай, а скразной, сістэмнай. Яна закранула не асобных службовых асоб, а практычна ўсю вертыкаль — ад прыватнікаў, вайскоўцаў, дзяржаўных служачых да Міністэрства аховы здароўя, а можа быць, і вышэй, следства разбярэцца. Мною была пастаўлена прынцыповая і цвёрдая задача — не знайсці „стрэлачнікаў”, а літаральна выкарчаваць гэту заразу дашчэнту, дакапацца да арганізатараў гэтага беззаконня. Так што не трэба было нічога гадаць, гэта было маё даручэнне кантралюючым і праваахоўным органам. Прычыну я вам назваў„, — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, самае важнае было — выявіць перадумовы і прычыны, якія прывялі да распачынання „пакуль 95 крымінальных спраў”.

„Калі следства скончыцца, суд вызначыць, хто і наколькі вінаваты. Але тыя факты, якія выкрытыя, сумневаў не выклікаюць”, — заявіў Лукашэнка.

Як паведамлялася, у канцы чэрвеня стала вядома аб выкрыцці Камітэтам дзяржбяспекі маштабнай карупцыйнай схемы ў сферы аховы здароўя. Сярод затрыманых называліся намеснік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі, дырэктар РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Аляксандр Бялецкі, дырэктар цэнтра экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя Аляксандр Сталяроў, дырэктар прадпрыемства „Белмедтэхніка” Аляксандр Шарак, начальнік ваенна-медыцынскага ўпраўлення Мінабароны Аляксей Яськоў, гендырэктар прадпрыемства „Белфармацыя” Вячаслаў Гніцій.

29 чэрвеня віцэ-прэм’ер Васіль Жарко заявіў журналістам, што не ведаў пра існаванне маштабнай карупцыйнай схемы ў ахове здароўя. „Калі б я ведаў, то былі б меры прыняты яшчэ тады. Мы сапраўды кантралюем сітуацыю ў краіне, — сказаў чыноўнік. — Закупкі — гэта такое няпростае пытанне, што працоўны дзень свой пачыналі і завяршалі арганізацыямі закупак. Калі дзесьці мы нешта адчувалі — адразу прымалі меры ў дачыненні да вінаватых, аж да вызвалення ад займаных пасад. Але што ў такую справу вырасце, я проста не чакаў”.

Аляксандр Лукашэнка ў ходзе прызначэння новага ўрада 18 жніўня заявіў аб недапушчальнасці карупцыйных праяў ва ўладных структурах. „Вінаватыя сядуць. Але ў краіне павінен быць закон, і ўсё павінна быць паводле закона, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта. — І іх нямала ўжо пасадзілі — тых, хто парушае гэты закон. І гэты закон для ўсіх аднолькавы: і для чыноўнікаў, і для рабочых, і для сялян, для спецыялістаў, настаўнікаў і ўрачоў… Усё будзе паводле закона”.

„І вас хачу пра гэта папярэдзіць асабліва, — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да новых членаў урада. — Таму што заўтра вакол вас пачнуць віцца бізнесмены і іншыя, якія хочуць лёгкага жыцця. Вы з усімі сустракайцеся, размаўляйце, хадзіце з імі ў лазню, калі хочаце. Ці можаце з імі нават сто грамаў выпіць. Але памятайце, што вы — людзі дзяржаўныя. Маральнае ваша аблічча і паводзіны на вачах у людзей. У мяне няма звычкі хадзіць за чыноўнікам, і нават членам урада, глядзець, куды ён пайшоў. Хадзіце, куды хочаце. Гэта ваша права. Вы павінны бачыць, чым жыве грамадства, і вы жывяце ў гэтым грамадстве. Але памятайце: на любое парушэнне, асабліва хабары, карупцыйныя і іншыя праявы, будзе імгненна рэакцыя з майго боку, як бы мне балюча гэта ні было”.

„Але паверце, мне больш балюча, чым каму-небудзь. Таму што вы — мае „дзеці”. Мне што, прыемна было гэтых людзей (з папярэдняга кіраўніцтва ўрада) звольніць? Дапусцім, Сямашка столькі прапрацаваў. І той жа Кабякоў — і там, і там… І Васіль Іванавіч Жарко. Але калі правалы ў працы… Калі ў Васіля Іванавіча Жарко карупцыянеры вакол… І я тройчы папярэджваў: паглядзі, разбярыся… А там — абвал. Як я магу працаваць з такім чалавекам?” — сказаў Лукашэнка.   Марына Носава, БелаПАН