Малдова – Беларусь – 0:0
Другі паядынак у рамках футбольнай еўрапейскай Лігі нацый правяла зборная Беларусі.
На выездзе каманда пад кіраўніцтвам Ігара Крывушэнкі згуляла 0:0 з дружынай Малдовы. У першым тайме перавага была на баку малдаванаў, якія стварылі два голавыя моманты ля брамы Сяргея Чэрніка. Адзін раз маглі вызначыцца і „белыя крылы”, аднак Станіслаў Драгун пасля выгоднага адскока мяча запусціў яго ў неба.
У другой палове лепш выглядалі ўжо беларусы, якія, здавалася, фізічна лепш падрыхтаваныя. Аднак голу айчынныя заўзятары так і не дачакаліся. А ў самай канцоўцы беларусы з-за недарэчных памылак абароны і галкіпера маглі нават прайграць. Так што ўрэшце ўсё завяршылася справядлівай нічыёй.
У іншым матчы групы Люксембург упэўнена адолеў Сан-Марына на яго полі – 4:0.
Турнірная табліца пасля 2-х тураў выглядае так: 1. Люксембург – 6 ачкоў, 2. Беларусь – 4, 3. Малдова – 1, 4. Сан-Марына – 0.
Беларускае Радыё Рацыя