Універсітэт, якому больш за пяцьсот гадоў



У турэцкай сталіцы каля шасцідзесяці вышэйшых навучальных установаў, з якіх сорак – прыватныя. Але ж найбольш вядомым і прэстыжным лічыцца дзяржаўны Стамбульскі ўніверсітэт.

Універсітэт быў заснаваны ажно ў 1453 годзе, адразу пасля таго, як султан Мехмед узяў Канстанцінопаль; заваёўнікам трэба было зацьвердзіць перавагі сваёй культуры над візантыйскай. Праўда, выпускаў тагачасны ўніверсітэт пераважна багасловаў, прытым галоўным паказчыкам вучонасці было веданне напамяць Карана.  

У 1933 годзе рэфарматар Мустафа Кемаль зрабіў універсітэт цалкам свецкім. Выкладчыкаў, асабліва тэхнічных дысцыплыніў, запрашалі з Еўропы – найперш з краін, акупаваных Трэцім Рэйхам.

Цяпер ва “універы” навучаецца больш за 60 000 чалавек, і амаль усе яны потым без праблем знаходзяць добрую працу. Праграма бакалаўрату каштуе каля 3000 даляраў, што цалкам супаставіма з фінансавымі патрабаваннямі беларускіх ВНУ.

Ці не самае цікавае ў Стамбульскім універсітэце – лабірынты кнігарняў непадалёк ад галоўнага корпуса. Выданні там самыя розныя, і не толькі на турэцкай мове. Пакупнікі – пераважна прасунутыя студэнты. Гандляры кнігамі не скардзяцца на дрэнныя продажы.

Хто там казаў, што электронныя кнігі забіваюць папяровыя?

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара