У Драгічыне збілі кіроўцу на расейскіх нумарах



Павел, ураджэнец Драгічына, які жыве і працуе ў Маскве, прыехаў дадому разам з жонкай. Але мясцовым жыхарам не спадабаўся яго манёўр на дарозе. Мужчыну „правучылі” кулакамі.

Падрабязнасці здарэння прыводзіць мясцовае выданне „Першы рэгіён”.

14 ліпеня Павел з жонкай Таццянай на сваім старым „Фальксвагене” з расейскімі нумарамі ехаў да сваякоў у Драгічыне. З вуліцы Шаўчэнкі ён планаваў паварот налева ў завулак ў бок вуліцы Кастрычніцкай. Аднак перад самым паваротам ён заўважыў „цэглу” — рух забаронены. Кіроўца на імгненне задумаўся і, прапусціўшы „Опель Зафіру”, паехаў проста.

Аднак кіроўцу і пасажыраў „Опеля” нешта пакрыўдзіла ў дзеяннях Паўла, які ў прынцыпе, правілаў і не парушыў. Яны вырашылі яго правучыць. Мужчыны выйшлі са свайго аўто і пашкодзілі Паўлу і твар, і машыну.

Нападнікі ўдарылі яго па твары, разбілі акуляры. Пашкодзілі і дзверы аўтамабіля — гэта ўсё зафіксавалі міліцыянты.

Па словах Паўла, мужчыны былі п’янымі. Цяпер адзін з іх, той, які біў у твар, пад хатнім арыштам, на яго заведзена крымінальная справа.