Больш за 5 млн злотых чакаюць арганізацыі ў праграме «Польшча-Беларусь-Украіна»
5.2 мільёна злотых чакае арганізацыі і самаўрады, якія стартуюць у новым наборы ў праграму Польшча-Беларусь-Украіна. Гэтым разам можна атрымаць грошы на рэкламу мясцовай культуры і гісторыі ды захаванне прыроднай спадчыны.
Максімальная квота дафінансавання — 60 тысяч злотых. Паводле Эвы Адамчук з тэхнічнага сакратарыяту праграмы, заяўляць можна так званыя «мяккія» праекты.
— Гэта могуць быць праекты, звязаныя са спартовымі мерапрыемствамі, з мастацкімі майстар-класамі, кулінарнымі заняткамі, фестывалі хлеба, абмен дзяцей і моладзі. Гэта можа быць пісанні супольных стратэгій развіцця, прыдумванне турыстычнага прадукту, прымежнага, якія адрэкламуюць альбо гістарычную спадчыну альбо культурную, альбо прыродную.
Заяўкі ў праграму транспамежнага супрацоўніцтва Польшча-Беларусь-Украіна можна падаваць да канца кастрычніка. Праекты павінны супольна рэалізаваць арганізацыі з мінімум дзвюх краін. Больш інфармацыі можна знайсці на сайце транспамежнай праграмы.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток