Заяўкі на „Астравецкі шлях” у Смургонях і Ашмянах пададзеныя не будуць
Падача заявак на правядзенне ў верасні і кастрычніку акцыі „Астравецкі шлях” у Смургонях і Ашмянах (Гарадзенская вобласць) пакуль не плануецца, паведаміў БелаПАН намеснік старшыні Беларускай партыі „Зялёныя” Дзмітрый Кучук.
Сёлета аргкамітэт „Чарнобыльскага шляху” (штогод праходзіць 26 красавіка, у гадавіну аварыі на ЧАЭС) вырашыў праводзіць акцыі кожны месяц 26-га дня ў гарадах і пасёлках, размешчаных паміж Менскам і Астраўцом: у Заслаўі, Радашковічах, Маладэчне, Вілейцы, Смургонях, Ашмянах. Серыя мерапрыемстваў павінна завяршыцца 26 лістапада ў Астраўцы.
„Падачы заявак на правядзенне акцыі ў Смургонях і Ашмянах, хутчэй за ўсё, не будзе, бо ўлады адмаўлялі ў правядзенні падобных мерапрыемстваў у іншых гарадах. У нашых планах правядзенне акцыі ў Астраўцы”, — сказаў Кучук.
У Заслаўі, Радашковічах і Маладэчне вулічныя акцыі, нягледзячы на пададзеныя заяўкі, дазволеныя не былі. Заяўка на правядзенне акцыі ў Вілейцы ў жніўні пададзеная не была ў сувязі з сезонам адпачынкаў.
Улады растлумачылі адмову ў правядзенні акцыі ў Заслаўі тым, што заяўка павінна была падавацца не ў мясцовы гарвыканкам, а ў Менскі райвыканкам. У выніку 26 траўня ў Заслаўі прыблізна два дзясяткі актывістаў дэмакратычных партый і арганізацый наведалі памятныя мясціны горада і правялі круглы стол па атамнай праблематыцы.
Адмову ў правядзенні акцыі ў Радашковічах чыноўнікі абгрунтавалі парушэннем тэрмінаў падачы заяўкі — яна была зарэгістраваная ў выканкаме 12 чэрвеня. „Рашэнне дзіўнае. Бо заяўка была накіраваная ў Маладзечанскі райвыканкам замоўленым лістом 11 чэрвеня, гэта значыць ва ўстаноўленыя законам тэрміны — за 15 дзён да правядзення акцыі”, — сказаў Кучук. У Радашковічах актывісты ўсклалі вянок да помніка Янку Купалу.
У Маладэчне ўлады аргументавалі адмову тым, што заяўленае месца для правядзення акцыі не ўваходзіць у пералік месцаў, дазволеных для „пастаяннага правядзення” грамадскіх мерапрыемстваў. Некалькі актывістаў прыйшлі да кінатэатра „Радзіма” і накіраваліся ў гарадскі парк да памятнага каменя „Пакутнікам за свабоду і незалежнасць Беларусі”. Там яны зачыталі заяву аб тым, што не жадаюць паўтарэння чарнобыльскай трагедыі.