Пра самакіраванне, якога няма



Прачытала я назву навіны на адным дзяржаўным рэсурсе, што Беларусі цікавы досвед Еўропы ў сферы мясцовага самакіравання, і рассмяялася. З такім жа поспехам прафесійныя балерыны могуць сказаць, што ім цікавы досвед у сферы лішняга набору вагі. Альбо вегетарыянцы будуць казаць, што зацікаўленыя ў досведзе мясакамбінатаў.

Мясцовае самакіраванне ў Беларусі немагчымае ўжо з тае прычыны, што кіраўнікі гарадоў і вёсак у Беларусі не выбіраюцца. Пасады “мэр” у нас проста няма, паколькі ўсіх старшыняў гарвыканкамаў ды сельсаветаў прызначаюць зверху. Народ – то бок жыхары гарадоў і вёсак – да гэтага не маюць ніякага дачынення. Таму мясцовае самакіраванне ў нашай краіне развівацца не можа. Бо як насельніцтва можа самастойна вырашаць пытанні мясцовага значэння, калі не вырашае самае галоўнае пытанне: хто будзе кіраваць горадам ці вёскай. У сваю чаргу кіраўнікі гарадоў і вёсак не адчуваюць адказнасць перад грамадзянамі, бо зняць іх можа толькі той, хто прызначыў. А таму ўсе іх дзеянні скіраваныя на тое, каб зрабіць лепей свайму начальству, а не грамадзянам, ад якіх яны не залежаць.

Не вырашаюць грамадзяне і іншага важнага пытання – гэта прыняцце бюджэту горада. Ды і прыняты бюджэт вы яшчэ паспрабуйце знайсці. Наўрад ці вам яго пакажуць, нават калі вельмі папросіце. Ды што там бюджэт! Калі каб патрапіць у розныя гар- і райвыканкамы, трэба прайсці праз пост міліцыі, якая будзе настойліва запытвацца, што, куды і дзеля чаго. І нават патлумачыўшы вашу праблему, вы можаце ўнутр гар- і райвыканкама і не патрапіць. Таму ўсё мясцовае самакіраванне ў Беларусі зводзіцца да правядзення круглых сталоў з гучнымі заявамі беларускіх уладаў у стылі: мы зацікаўленыя ў досведзе. На гэтым самакіраванне грамадзян заканчваецца.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ