Цеплавую мадэрнізацыю дамоў хочуць не менш чым на 50% фінансаваць за сродкі жыхароў
Дзяржстандарт вынес на грамадскае абмеркаванне праект указа прэзідэнта „Аб павышэнні энергаэфектыўнасці шматкватэрнага жыллёвага фонду”, у адпаведнасці з якім цеплавая мадэрнізацыя жыллёвага фонду будзе праводзіцца „з удзелам фінансавых сродкаў грамадзян і пры пэўнай дзяржаўнай падтрымцы”, паведамляе сайт ведамства.
Крыніцамі фінансавання мерапрыемстваў, акрамя сродкаў грамадзян, могуць быць сродкі мясцовых бюджэтаў, якія паступаюць ад прыватызацыi жылых памяшканняў, што знаходзіліся раней у камунальнай уласнасці, у памеры не меншым за 10% ад іх агульнага гадавога аб`ёму, сродкі мясцовых бюджэтаў на капітальны рамонт жыллёвага фонду ў памеры не большым за 10% ад устаноўленага гадавога аб`ёму, іншыя крыніцы фінансавання, не забароненыя заканадаўствам.
Акумуляванне сродкаў грамадзян, у жылых памяшканнях якіх праведзена цеплавая мадэрнізацыя, прадугледжваецца ажыццяўляць на спецыяльных рахунках, адкрытых адпаведнымі аблвыканкамамі, Мінскім гарвыканкамам.
Таксама прапаноўваецца, што „ў сумарных выдатках на рэалізацыю энергаэфектыўных мерапрыемстваў доля, якая падлягае пакрыццю ўласнікамі жылых памяшканняў, членамі арганізацыі забудоўшчыкаў шматкватэрнага жылога дома за кошт уласных сродкаў, будзе складаць не менш за 50%. Уласнікі жылых памяшканняў, якія знаходзяцца ў камунальнай альбо рэспубліканскай уласнасці, кампенсуюць долю выдаткаў, якія прыходзяцца на гэтыя памяшканні, за кошт сродкаў адпаведнага бюджэту”.
З мэтай далучэння ўласнікаў, членаў арганізацыі забудоўшчыкаў да рэалізацыі энергаэфектыўных мерапрыемстваў плануецца выкарыстаць прынцып добраахвотнасці.
Рашэнне аб правядзенні цеплавой мадэрнізацыі, а таксама аб аб`ёмах выкананых работ на падставе праведзенай ва ўстаноўленым парадку ацэнкі цеплаэнергетычнага стану дома прымаецца мясцовым выканаўчым і распарадчым органам па выніках агульнага сходу ўласнікаў памяшканняў, у тым ліку пасля правядзення апытання, калі за яго прагаласавалі больш за дзве траціны ўласнікаў ад іх агульнай колькасці. Рашэнне аб цеплавой мадэрнізацыі, прынятае ва ўстаноўленым парадку, абавязковае для выканання ўсімі ўласнікамі жылых і нежылых памяшканняў, членамі арганізацыі забудоўшчыкаў у шматкватэрным жылым доме.
Памер штомесячных плацяжоў уласнікаў жылых памяшканняў, членаў арганізацыі забудоўшчыкаў мяркуецца ўстанавіць фіксаваным на дзесяцігадовы перыяд, напрыклад, з разліку адной базавай велічыні на сям`ю з трох чалавек, якая жыве ў двухпакаёвай кватэры агульнай плошчай 48 кв. м, што цяпер складае 24,5 рубля (або 51 капейку на 1 кв. м) у месяц. Для уласнікаў жылых памяшканняў, якія знаходзяцца ў камунальнай альбо рэспубліканскай уласнасці, прапаноўваецца ўстанавіць перыяд кампенсацыі на працягу трох гадоў.
Маламаёмных уласнікаў жылых памяшканняў, членаў арганізацыі забудоўшчыкаў, якія з-за фінансавага становішча не змогуць ажыццяўляць аплату, пры ўвядзенні штомесячных плацяжоў за цеплавую мадэрнізацыю жылля, прапаноўваецца субсідаваць у рамках выдзялення безнаяўных жыллёвых субсідый.
Штомесячны плацеж па кампенсацыі часткі выдаткаў за правядзенне цеплавой мадэрнізацыі ў шматкватэрным жылым доме будзе выдзяляцца асобным рахункам. Для ўласнікаў жылых памяшканняў сума штомесячнага плацяжу будзе ўдзельнічаць у разліку безнаяўных жыллёвых субсідый на ўвесь перыяд вяртання страт.
Як адзначаюць распрацоўшчыкі праекта, з улікам магчымага фінансавання энергазберагальных мерапрыемстваў з бюджэтных крыніц, пры штогадовым укладанні ў цеплавую мадэрнізацыю 32,5 млн рублёў ёсць магчымасць правесці мадэрнізацыю 325 тыс. кв. м у год. У выпадку прыцягнення дадаткова міжнародных пазык у памеры каля 60 млн долараў ЗША за пяць гадоў магчыма правесці работы па цеплавой мадэрнізацыі 700 шматкватэрных жылых дамоў, а гэта прыкладна 56 тыс. кватэр агульнай плошчай каля 2,8 млн кв. м, што складае каля 10% ад сектара найбольш неэнергаэфектыўных (энергазатратных) шматкватэрных жылых дамоў з цепласпажываннем 161—200 кВт•г/кв. м у год.
Як раней заяўляў шэраг чыноўнікаў, гэты ўказ плануецца падпісаць да канца года. БелаПАН