Партыя „Разам” выдала беларускамоўныя ўлёткі



Бясплатнага грамадскага транспарту для дзяцей і пенсіянераў ды працоўных дамоваў хоча дамагчыся партыя „Разам”, якая ўдзельнічае ў выбарах у Соймік Падляшскага ваяводства.

Прэс-канферэнцыя „Разам” прайшла ў Гайнаўцы на двух мовах – польскай і беларускай.

„Хочам быць пачутыя таксама нацменшасцямі нашага рэгіёна”, – кажа Вераніка Самалінска:

– Усе грамадзяне польскай дзяржавы для нас аднолькавыя. Трэба прыкласці намаганні, каб яны нас паслухалі і зразумелі. Мы хочам звяртацца да людзей на той мове, на якой ім будзе зручна. Палітыкі для людзей, а не людзі для палітыкаў, таму варта гэта рабіць.

Прадстаўнікі партыі раздавалі адмыслова выдадзеныя на польскай і беларускай мове ўлёткі. „Польшча можа быць выгодным домам. Для ўсіх”, – адзначаецца ў іх.

 

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя